С.Юстапчык (Антон Адамовіч) Каханы горад (Завязка раману) АД АЎТАРА «Каханы горад» напісаны ў 1943 г. Найпершым повадам да напісаньня яго былі ўражаньні ад дэманстрацыйнага, «сьвяточнага», але барбарска-бязьлітаснага бамбардаваньня безбароннага й пазбаўленага ўсялякіх ваенных аб'ектаў Менску саветамі ў ноч на 1 траўня 1943 г. Туга па «каханым горадзе» на прымусовым выгнаньні ў Нямеччыне дала апошні повад, штуршок. Аднак, «Каханы горад» нараджаўся, відаць, пад нешчасьліваю зоркаю. Менская «Беларуская газэта», куды ён найперш быў пасланы ў канцы 1943 г., ніяк не магла адважыцца надрукаваць яго. Прапанаваліся аўтару розныя зьмены з гледзішча на цэнзуру ці, праўдзівей і дакладней, на страх магчымае цэнзуры. Зьмены былі для аўтара няпрыемлімыя, бо зусім выялаўлялі рэч. У марудным ліставаньні Нямеччына-Менск, ліставаньні-таргаваньні сплываў час і, нарэшце, пры пасьпешным эвакуяваньні зь Менску перад савецкім наступам большую частку рукапісу рэдактары зусім згубілі. Аўтар аднак не ўтаймоўваўся, аднавіў усё зноў із шчасьлівым выпадкам захаваных чарнавікоў, ды пачаў нанова стукацца ў рэдакцыйныя дзьверы, гэтым разам ужо да бэрлінскае «Раніцы». Але й тут удалося прымайстраваць рукапіс толькі ў «Беларускім Работніку», адмысловай газэце для «остаў», прыбудоўцы да «Раніцы». Там, быццам-бы, з цэнзурай было лягчэй. Тут «Каханы горад» і быў надрукаваны ўпяршыню ўвосень 1944 г. «Каханы горад» спачатку быў задуманы й выкананы, як апрычонае закончанае апавяданьне-навэля. Аднак, пры аднаўленьні яго другі раз паўстала думка разглядаць рэч, як завязку раману, што й было выказана ў зацемцы ў канцы друкаванага ў «Беларускім Работніку» тэксту. Думкі гэтае аўтар ня кідае й цяпер, чаму ў цяперашнім выданьні «Каханы горад» мае падзагаловак «Завязка раману». Тэкст гэтага выданьня, дарэчы, апрача дробных стылістычных паправак і аднаўленьня некаторых невялічкіх пропускаў паходжаньня чыста друкарскага (а мо й прымітыўнага, казаў той, прэвэнцыйна-цэнзурнага, «на ўсякі выпадак») - нічым істотна ня розьніцца ад тэксту 1943 г. Яшчэ, разгаварыўшыся, аўтар хоча сказаць, што ў гэтай, як і ў ранейшых сваіх спробах («Усяночная», «Трывога») ён карыстаўся, між іншага, адным з найулюблёнейшых мэтадаў нябожчыка З.Бядулі, якім напісаныя ягоныя «Салавей» і «Язэп Крушынскі» і які ўзвышэнскі крытык Адам Бабарэка сваім часам вельмі трапна назваў быў «мэтадам натураграфічнага зашыфроўваньня». Мэтад гэты, вынайдзены ў вабставінах савецкага гвалту над свабодаю друку, быў вельмі зручны й пад зусім такім самым у прынцыпе таталітарным ціскам нямецка-гітлераўскім. Лёгка было зашыфроўваць сьпісваных проста з натуры гэрояў «гэрэнфольку» пад зусім ідэнтычных ім псыхалёгічна камуністых, «актывістых», камісараў (у «Каханым горадзе», між іншага, такая эпізадычная фігура «Макрыцы», пад якой зашыфраваны, як «натуршчык», ведамы сваім часам у Менску «ляйтар» усяе «культуры й асьветы» у «Генэральным Камісарыяце Беларусі», зьнямчэлы Паляк Сівіца). «Натуршчыкамі» аўтаравымі былі й некаторыя прэтэндэнты на нашых нацыянальных дзеячоў (у «Каханым горадзе» такі «Качка», а таксама, крыху больш толькі зборны, Віктар Лабуніч). Нельга сказаць аднак, каб усе пэрсанажы былі пісаныя з «натуршчыкаў» (прыкл., «жанчына ў чорным» у «Каханым горадзе»). Бальшыня «натуршчыкаў» аўтаравых жывець і цяпер, аўтар навет мог-бы прысьвяціць ім сваю гэтую пісаніну, як невялічкае, ды мо не такое ўжо крывое (хіба што - «крывіцкае») люстэрка. 01.04.1948, Баварыя Таварыш пройдзе ўсе баі і войны Бяз кроплі сну, бяз званьня цішыні. Каханы горад можа спаць спакойна І роіць сны, і зелянець сярод вясны. З папулярнай савецкай песьні I - Эскадрыльля, таварашы, атрымала хоць і нескладанае, але вельмі пачэснае заданьне. Кажу «нескладанае», бо, ў тых пунктах, якія вы мусіце пакрыць сяньня, няма, шчыра кажучы, ніякіх паважных ваенных аб'ектаў. Няма таму й ніякай ворагавай абароны, аб гэтым у нас пэўныя весткі. Але, мушу падчыркнуць яшчэ раз, заданьне надзвычай пачэснае, бо вы павінны будзеце, напярэдадні нашага вялікага травеньскага сьвята і недалёкага, яшчэ большага, вялізманага наступу, прадэманстраваць узрост моцы й магутнасьці сталінскай авіяцыі, і гэта - у закінутых куткох абшараў, часова занятых ворагам. Думаю, усё ясна? Камандзеры зьвязаў атрымаюць «пуцёўкі». Камандзеры зьвязаў, ня хочучы, але падаліся ўжо былі да камэскадрыльлі, які праказаў сваю невялічкую прамову без асаблівага энтузіязму й ахвоты навет. Усе яны - і камандзер і каманда - маніліся яшчэ гэтага вечару, паводля іхнага тэхнічнага выразу, «даць старт у сьвята». Дык вымушаная адмена гэнага не магла іх цешыць. Заданьні-ж, і «пачэсныя» і непачэсныя, і «складаныя» і «нескладаныя», абрыдлі ўжо ажнадта, як і сама вайна. Але раздаваньне «пуцёвак» яшчэ прыпыніў камісар эскадрыльлі, маленькі, вяртлясты таварыш Цэнцыпер, які вырас як із-пад зямлі каля камандзера, шапянуў яму пару слоўцаў і загадным гэстам рукі прапанаваў усім ізноў сесьці. Відаць, не задаволіла яго камандзерава «ўсё ясна», і ён уважаў за канечнае яшчэ раз «разьясьніць», фактычна-ж - распляскаць, размазаць і распэцкаць агульна-ведамыя ўсім рэчы. Усе селі зь яшчэ большым рашчараваньнем, бо кажны добра знаў наперад, што скажа і што можа наагул сказаць камісар, і ведаў, што ў кароткім часе гэтая казань аніяк не ўкладзецца... Абрыджэньне павялічвалася яшчэ й тым, што т. Цэнцыпэра ўсе страшэнна ня любілі, зрэшты, пры ўзаемнасьці зь ягонага боку. Першы рызыкант і востраслоў эскадрыльлі, пракідкі й спрытны Юрка Галушка знайшоў для яго трапную прыкладку - «Макрыца». Хоць і вынайдзеная, сказаць-бы, філёлёгічным шляхом (Юрка ў камісаравым «імі-войчасьцьве» - Марка Ісакавіч - замяніў «Ісака» на больш аўтэнтычнага «Іцу», а з «Маркі Іцавіча» ужо, як казаў ён, «чыста-матэматычным спосабам перастаўленьня й скарачэньня» атрымалася «Макрыца») - мянушка гэтая як нельга лепш прылягала да такога, запраўды, як-бы наскрозь мокрага, склізкога, наагул страшэнна плюгавага стварэньня, з абліччам спрэс у чырвоных плямах, таксама наводля нейкіх мокрых лішаёў. Дык сьціха й міжсобку камісара інакш і ня звалі. - Мы, слаўныя сталінскія сакалы, звыклі не баяцца ніякіх высачыняў і далячыняў, - здалёку, урачыста-ўзьнёсла пачаў сваю рацэю т. Цэнцыпэр. Хто слухаў, ня мог адразу, хоць сам сабе, нутрана ня ўсьміхнуцца ўсёй міжвольнай самагіроніі гэтага «мы». Бо агульна ведама было, што сам «Макрыца» аніразу ў жыцьці не адважыўся ўзьняцца на якую-небудзь «высачыню» ў паветра, уважаючы, відаць, за бесьпячнейшае перасоўвацца па цьвёрдай зямлі. Колькі ні прапанаваў яму той-жа Юрка «павазіць па эмпірэях» - праўда, не без патаёмнага намеру добра пабоўтаць камісаравы вантробы ў розных паветраных «бочках» і іншых фокусах, на якія быў мэт, - «слаўны сакол» заўсёды строга адгаворваўся недапушчальнасьцяй выдаткаваць ваенна-важныя матар'ялы, бэнзыну й іншае, «дзеля асабістае прыемасьці адзінкі, хоць-бы сабе й камісара», як казаў ён. «Паказаў-бы я табе «асабістую прыемнасьць», - зазначыў быў тады сябром Юрка, завяршаючы свой асуд горкаўскім «роджаны поўзаць - лётаць ня можа». - «Пэўна-ж, макрыца», - згаджаліся тыя. Але цяпер бадай усе былі занятыя ня слуханьнем знаёмае наперад нуднае прамовы, а назіраньнем даволі камічнага здарэньня. Сваім звычаем, «бязупынна выдзяляючы мокрадзь, адкуль толькі можна», паводля Юркавага азначэньня, «Макрыца» адразу аплёваў бліжэйшых да сябе слўхачоў. І найбольшы пырск сьліны прыпаў якраз на нос камандзеру першага зьвязу, Юркаваму земляку й беспасярэдняму начальніку Віктару Лабунічу. Той сядзеў насупраць камісара, як заўсёды, мёртва ўталопіўшыся ў яго сваймі круглымі вачыма. Гэта быў «Макрыцын» улюбленец, які разам зь ім падзяляў усіхную нялюбасьць і няпрыхільнасьць ды зусім заслужана (праўда, завочы), абзываўся і кар'ерыстым, і «самасуем», і «вылупенцам». Цяпер усе сачылі, як Лабуніч удае, быццам ён так пранікла й захоплена слухае прамову, што зусім не спасьцерагае нечага там у сябе на носе, хоць усім добра відаць, як ён змагаецца з тым, каб ня скрывіцца, ато й ці ня чхнуць. Абцерці-ж плюваціньне Віктар ня важыцца. Праўда, адразу ён быў і памкнуўся ў кішэню па насатку, але тут-жа адумаўся, баючыся, каб як мо не абразіць гэтым свайго патрона. Назіраньне такіх «перажываньняў публічна аплёванага», як схарактарызаваў пасьля Юрка, узьняло крыху агульны настрой, які дасягнуў нарэшце свайго кульмінацыйнага пункту, калі гэройскі Галушка ціхенька, на пальчыках падкаціўся да Лабуніча й асьцярожна, але спраўна махнуўшы хустачкай, зьбіў зь ягонага носу камісаравы пырскі, чаго апырсканы, зноў-жа, быццам-бы не спасьцярог. «Зарабіў толькі ад Макрыцы тры грошы за дэманстрацыю, але што ён мне - на хвост солі насыпе?» - шапнуў на вуха сябру рызыкант, зьвярнуўшыся на месца. На гэтым аднак прыемная забава глядачоў мусіла спыніцца, і хоцькі-ня-хоцькі давялося прыслухацца да прамовы. А прамоўца тымчасам разьвіваў якраз сваю ўлюблёную тэму «бязжаласнасьці - гэтай неадымнай якасьці кажнага партыйнага й непартыйнага бальшавіка». - Гэта, таварышы, факт, - выпырскваў ён, - што сяньня вы павінны будзеце й такі зьнішчыце шмат звычайнага, так званага «мірнага» жыхарства. Ці можа тут мець месца якая-колечы «жаласьць?» Бязумоўна, таварышы, не. Не забывайцеся, што гэта тое жыхарства, якое не захацела йсьці з намі, г. зн. зраднікі, прадаўцы, ворагі народу. Хто зь іх адумаўся й цяпер шчыра перакінуўся на наш бок, той ужо ў партызанах, у лесе, і значыцца, яго вашыя бомбы не крануць. Апрача таго, памятайце, што гэтае жыхарства - рэзэрвуар працоўнае сілы для нямецка-гітлераўскага ворага і, зьнішчаючы яго, вы гэтым самым падрываеце ворагаву моц... - І вось тут, - урачыста ўзвышаючы голас і прыціскаючы на асобных словах, прымусіў ужо ўсіх прыслухацца камісар, - перад некаторымі з вас паўстане сяньня вялікае выпрабаваньне, запраўдны экзамэн на баёвага лятуна-бальшавіка. Я маю на ўвеце нашых сакалятаў першага, я мушу сказаць, і лепшага зьвязу, пад камандай тав. Лабуніча. Яны лятуць сяньня ня толькі на сваю радзіму, але й на свой родны і, пэўна-ж, каханы горад, які ўзгадаваў іх, таварышы, і даў нам. Факт, што ў іх там могуць і павінны быць бацькі, і сваякі, і сябры, мо яшчэ хто-небудзь, і мілыя ўспаміны. Але я пэўны, што яны з гонарам управяцца з гэтым выпрабаваньнем. Тут камісар пачаў хваліць свайго ўлюбёнца Лабуніча, праехаўся крыху, што ў некаторых іншых ізь зьвязу, - пэўна-ж, у Юркі, - «бываюць недахопы й дахопы», як сказаў ён, зараз-жа, зрэшты, «паправіўшыся»: «дасягненьні й недасягненьні»... Але ўжо ніводзін бадай із хваленых і ганеных ня слухаў больш яго, апанаваны навалай раптоўных успамінаў і хваляваньня ад блізкой - але якой? - сустрэчы зь любым, родным, так даўно ўжо, здаецца, пакінутым горадам... Навет сам сталёва-вытрыманы камандзер Лабуніч схамянуўся ад гэтае навалы пачуцьцяў толькі тады, калі трэ было браць «пуцёўку». - Ардэнок як прышпілены, - шапянуў яму пры гэтым ягоны дабрадзей, і Віктар адказаў на гэта сваёй заўсёднай, падхалімска-халуйскай усьмешкай - тэй самай непаўторнай усьмешкай, якую ў цэлай Эўропе найлепш можна бачыць на вуснах ці малога ліку грамадзянаў ейнае шостае, усходняе часткі. - Старт 20.30. Ёсьць час разабраць заданьне, адпачыць і падрыхтавацца, - закончыў зборку камандзер эскадрыльлі. ІІ - Папаліся, землячкі! - падыйшоў адразу да трох, абдараваных «пачэсным заданьнем» бурыць радзімае гняздо, камандзер трэйцяга зьвязу, здаравенна-медзьвядзяваты й таксама медзьвядзявата-настырлівы тамбовец Жарабцоў. Трох танкістых, трох вясёлых сябраў, - Экіпаж машыны баявой, - загундосіў ён сваім, як казаў Юрка, «жараббасам», дый, наверх, страшэнна фальшывячы, - дадому, сяброчкі, усё-ткі дадому! - і, аблапіўшы трэйцяга пілёта зьвязу, дзявоча-кволага Валіка Сьнягурскага, да якога пачуваў адмысловую сымпатыю й таму найбольш дакучаў, загуў яму на вуха, стараючыся ўдаць асаблівую задушэўнасьць, але яшчэ неміласэрней дзяручы ўпоперак: Каханы горад сябру усьміхнецца, Знаёмы дом, зялёны сад і той пагляд... - Адкасьніся хоць сяньня, - з дакукаю адпіхаў, яго Валік, якому ўвага й «пяшчоты» Жарабцова заўсёды спраўлялі вялікую прыкрасьць, ато й проста мучылі. - А што - сяньня? - не ўтаймоўваўся Жарабцоў. - Падумаеш! Каб мне так зараз сказалі ляцець калупаць мой Тамбоў - я-б адразу, калі ласка, з усім-усенькім... - Дык хто табе не дае? - абарваў яго ўжо Юрка. - Завярніся кругом, ляж курсам назад і трамбуй свае тамбоўскія самавары. - Самавары - гэта ў Туле, а Тамбоў, браце, слаўны... - Ведаю, цётка там павінна быць нейкая, яшчэ ў Чэхава пісана... Але цяпер, браце, кілбасься хоць да тае цёткі, калі не да ўсіх мамак, - бачыш сам, не да цябе тут і не да Тамбова. - Ну, ну няхай, - ціскануўшы яшчэ раз небараку Валіка, здаўся-ткі Жарабцоў, бо ў глыбі душы пабойваўся спрытнага і на язык і на так які фокус Юрку. - Эх, Тамбоў, Тамбоў - каб адхапіць хоць зь дзянёк водпустку! - уздыхнуў толькі ён і адыйшоў зусім, усё гундосячы: Знаёмы дом, зялёны сад і той пагляд... - Жывёліна! - папусьціў шэптам яму наўздагон Валік, папраўляючы парушаны жарабцоўскімі пяшчотамі парадак у вопратцы. - Дык вось, таварышы, - зьвярнуўся строга-афіцыйна да сваіх падначаленых, Юркі й Валіка, камандзер зьвязу. Дарма, што ўсе тры былі землякамі й навет школьнымі сябрамі ды зналіся добра ад сама адмалку, Віктар, «вылупіўшыся» ў камандзеры, заўсёды трымаўся падчыркненай афіцыйнасьці пры службовых дачыненьнях. - Я ўжо разьмеркаваў, - і ён пачаў паказваць на пляне, далучаным да «пуцёўкі»: - Вы, таварыш Галушка, адразу-ж пакрыеце поўнач гораду, па гэтую вось прыблізна лінію, я сам урэжуся ў сярэднюю паласу так, а вам, тав. Сьнягурскі - паўдзённая частка... - Гэта ты... знарок, Віктар? - углядаючыся ў плян і адразу мяняючыся з твару ды хрыпнучы нек у голасе, спытаўся Валік. - Што - знарок? Што Вы хочаце сказаць? - як не разумеючы, але ўвесь напружыўшыся, перапытаў Віктар. - Ты-ж ведаеш, тут жыў я... і цяпер, пэўна, мае старыя... на тым самым месцы... - паказваў на пляне Валік. - А вось-жа слабодка. Верын дом на рагу... - Ага, вось яно што, - прыкра засьмяяўся сваім сухім, бразгатлівым сьмехам Віктар, - дык значыцца, нездарма пяяў тут Жарабцоў: «Знаёмы дом, зялёны сад»... Знарок ці не знарок, таварыш Сьнягурскі, але, аказваецца, якраз добра выйшла. У нікога бадай з цэлай эскадрыльлі не засталося яшчэ гэтулькі сантымэнтальшчыны й паненскасьці, тэй жаласьлівасьці, як у вас. А чулі, што так добра казаў сяньня таварыш камісар? Вось якраз вам найлепшая нагода - давядзеце адно з двух: што вы - ці запраўды цьвёрда-мужны лятун-бальшавік, ці, прынамся, - спрытны й асьцярожны пілёт-баявік. Я, ужо-ж напэўна знарок, узяў сам сабе той раён, дзе нашая школа, у якой мы ўсе трох гэтулькі год вучыліся й перажылі так багата прыгожага... Цяпер там - ворагаў штаб, і я мушу даконча зьнішчыць яго, і здрузгачу нездрыгануўшыся. А тут-жа што? І я-ж пакінуў тут сваю маці, і цяпер павінен таксама, дармо што чырвоны крыжык... Зразумела? - Мяняймася, - запрапанаваў Валіку Юрка, - бо ў маім-жа раёне з важных ваенных аб'ектаў - хіба што царква на могілках... - Ніякіх менак, - сурова абарваў камандзер, - застанецца, як вызначана. - Так... Дык дзякую за асаблівы давер... - выцадзіў Валік, пераходзячы на тую-ж афіцыйнасьць. - Дазволіце йсьці? - Калі ласка. Старт 20.30, не забудзьцеся, таварыш Сьнягурскі! Валік пайшоў, крутка павярнуўшыся ды нат не адказыраўшы, толькі нэрвова-падчыркнена адбіваючы абцасамі. - А праўда, дарма ты даў гэтай румзе такую частку - натаўчэць яшчэ кашы, празь нюні не разгледзеўшыся, - зазначыў па ягоным адыходзе Юрка. - Колькі разоў прасіў ня вучыць мяне - маю-ткі сваю галаву, - асадзіў яго начальнік. - Што, і табе яшчэ Верачка баліць? - А табе - дык хіба ўжо не? - Так ці не, але якраз я пэўны, што ўжо куды-куды, а на ейны дом, «знаёмы дом», сяньня й зерне макава не ўпадзе. І праўда, я-ткі падумаў, падбіраючы адпаведную кандыдатуру, і ягонае «знарок» было не бяз рацыі. - Маеш сваю галаву, - працягнуў у раздуме Юрка, але раптам якраз у ягонай галаве мільганула шалёная, вар'яцкая, як здалося было яму адразу, думка. І ажыўлены зноў раптоўным хваляваньнем, ён пасьпешна кінуў: - Дык цяпер адпачыць, падрыхтавацца... І, адказыраўшы, адыйшоў, мала не бягучы. Усе ўжо былі паразыходзіўшыся па сваіх палатках. III Гісторыя трох сяброў, калі можна было цяпер запраўды назваць іх сябрамі ў поўным сэньсе, нагадвала крыху гісторыю тых «трох танкістых, трох вясёлых сябраў» з моднае савецкае песьні, якую таму й гундосіў ім бадай заўсёды Жарабцоў. Віктар, Юрка й Валік на самой рэчы ўтварылі свой зьвяз паводля моднага сваім часам у савецкай арміі прынцыпу «экіпажаў братоў», «сяброў», «землякоў». Але ўвесь іхны шлях да гэтага зьвязу быў даволі сваеасаблівым і цікавым. Ад самае першае, у ваднэй клясе й аднае школы вучыліся Віктар і Валік. У пятай далучыўся да іх і тадышні гадунец дзіцячага дому, кагадзешні гэрой вуліцы - бяспрытульнік Юрка Галушка. Усе тры ў вучэньні аднолькава йшлі ў першым радзе. Кажны меў, кажучы тымі камісаравымі словамі, свае «недахопы й дахопы», але нек яны ўзаемна зраўнаважваліся, і выходзіла так, што ўсе тры йшлі роўна, і ўсе тры - наперадзе. Найменш здольным быў, бясспрэчна, Віктар Лабуніч, але браў ён выседжваньнем, напорнасьцяй, а што да настаўніцкіх ацэнаў - і падлізьніцтвам ды даношчыцтвам, сваім яму ўжо змалку. І ў школе яго за гэта ня любілі, дражнілі «сьмярдзюхом», бо ў Віктара, апрача ўсяго, страшэнна і ўжо на вялікай воддалі тхнула ад ног, якія вечна ў яго неміласэрна прэлі. Таму на парце ён заўсёды сядзеў адзін. Заўсёды потныя, няпрыемна-сьцюдзёныя й датаго-ж нек нязьгінальныя ў даланёх, як дошчачкі, былі ў Віктара й рукі, і пасьля Юрка бачыў ува ўсім гэтым таямніцу цеснага кантакту сябра з камісарам «Макрыцам»: «Бо таксама поўмакрыцы й цэлы сьмярдзюх», - казаў ён. Самому Юрку, пры ягоных вялікіх здольнасьцях, пракідкосьці й дасьціпносьці, не ставала якраз сталасьці таго выседжаваньня, і таму ён часта, што называецца, «пападаўся». І ў школе гэта быў ужо рызыкант, як пасьля ў паветры, - рыса, зрэшты, узгадаваная яшчэ бяспрытульніцкай мінуўшчынай. І гэтае рызыканцтва давалася-ткі ў знакі некаторым настаўнікам, уплываючы на Юркаву рэпутацыю ў іх і перашкаджаючы яму выбіцца на сама-першае месца. Зрэшты, да гэтага ён і ня імкнуўся, як Віктар. Валік Сьнягурскі меў і здольнасьці ня менш, як у Юркі, і ўседлівасьць, ды, наўсуперак яму, быў зусім «ціхім цацам», як казаў той. Але якраз апошняе, даходзячы да скрайнае сарамяжнасьці, нясьмеласьці, не давала, як трэба, выявіцца Валікавым ведам. Заўсёды-ж ведаў ён і паўней і глыбей за ўсіх, навет за тых двух напэўна, але пры адказах раптоўна чырванеў, бянтэжыўся, часам навет блытаўся, і гэта «зьбівала» й яму адзнакі. Наагул, усім сваім вонкавым і нутраным складам Валік нагадваў баржджэй дзяўчыну, як хлапца. Ён і сябраваў найбольш ізь дзяўчатамі, і тыя проста мелі яго не за хлапца, а як-бы за сваю сястру, дзелячыся зь ім усімі, заўсёды так багатымі ў дзяўчатаў, сакрэтамі. За гэта хлапцы дражнілі яго «наша Валя» й «Сьнягурачка», а часам і «авечка» - агульнай мянушкай для ўсіх дзяўчатаў клясы, склад якіх, запраўды, падабраўся быў нек наўзьдзіў шэра, не адзначаючыся нічым выдатным зь ніякага боку. Але ў сёмай клясе прыйшла да іх новенькая, як неўзабаве выявілася, зусім не «авечка». Праўда, з выгляду й яна выдалася адразу вельмі сьціплай, асабліва сваймі даўгімі косамі - гэтым «паненскім архаізмам», як здавалася ўсім - і хлапцом, і стрыжаным пад хлапцоў дзяўчатам. Ды ўжо першымі тыднямі выявілася, што ў ейнай асобе прыйшоў моцны канкурэнт тром «перадавіком». Яна проста здзіўляла і настаўнікаў і вучняў заўсёднай грунтоўнасьцяй і глыбінёй сваіх ведаў, сталасьцяй і спакоем пры адказах, наагул вытрыманасьцяй і ўзгадаванасьцяй. Пры ўсёй сваёй сьціпласьці яна зусім ня была «ціхуткаю» - умела ўзяць удзел і ў вагульных забавах і, навет, у хлапецкіх штуках, і пасьмяяцца, і пажартаваць. І пры ўсім тым ад яе, асабліва ад погляду ейных шэрых вачэй, як-бы бруілася нейкая нябачная, незьясьнёная, але спакаральная сіла. Навет хлапцы толькі першы тыдзень спрабавалі торгаць яе за косы й борзда мусілі адмовіцца ад хоць і вялікай такой, спакусы. Нек само сабой злажылася, што ўсе пачалі заўсёды і ўва ўсім слухацца Веры Рынейскае, і пад канец году яна ўжо была за старасту клясы, застаўшыся нязьменна на гэтай пачэснай пасадзе аж да канца школы. Гэтак заваяваўшы ўсіхныя сэрцы, яна сталася ўлюбёнкаю і хлапцоў і дзяўчатаў, а калі ў восьмай клясе пад вясну пачала бушаваць кроў у моладзі і таго і таго роду, у цэнтры гэтага бушаваньня стала зноў Вера. Дзяўчаты першыя выявілі, што ўсе хлапцы - але-ж усе бяз вынятку - закахаўшыся ў гэтай Верачцы. Насьпявалі ўжо звадкі й «канфлікты» сярод хлапцоў, пачыналі крывіцца й дзяўчаты, бо ніводзін з абраньнікаў іхнага сэрца ці густу - ані вокам ня вёў на ніводную зь іх. Але Вера зноў умела паставіць сябе так, што ўсё гэта ня выбілася наўзьверх і не прывяло да ніякіх «грамадзкіх забурэньняў» у клясе. З усімі роўная, яна нікога не падпушчала бліжэй, але разам із гэтым кажнаму ўпаасобку як-бы давала нейкую надзею й тым самым трымала каля сябе ўсіх чыста. Яна навет ахвяроўвалася часам пасядзець якую гадзінку на «пошаснай» парце ізь «сьмярдзюхом» Віктарам Лабунічам, і той у глыбі свае самазакаханае й самапэўнае душы мо найбольш з усіх займеў надзею стацца адзіным Верыным абраньнікам. Але такія-ж надзеі паціху таілі і Юрка, і Валік, зь якім Вера, як і рэшта дзяўчатаў, добра тайкавала, а таксама ўсе іншыя хлапцы клясы. Калі ўжо былі ў дзявятай клясе, нек на пачатку зімы, Юрка аднойчы прыйшоў на заняткі, наўсуперак свайму звычаю, страшэнна панурым і маўклівым. Адмаўчаўшыся гэтак «ваўком» колькі гадзінаў, пад канец дня ён усё-ж ня вытрываў і ў клясе адразу разьнеслася вестка, што Юрка бачыў учора ў кіно Веру зь нейкім маладым прыгожым вайсковым у форме авіяшколы, і Вера была да яго дужа-дужа прыхільнаю, куды больш, як да каго-небудзь із «сваіх» хлапцоў. Пасьля заняткаў, як разыходзіліся дадому, Веру «выклікалі на тлумачэньні». Яна спакойна, як і заўсёды, сказала, што гэта быў ейны зродны брат, які прыяжджаў да іх на пару дзён у гасьціну. - Зродны браток ці родны сяброк? - ня вытрываў Юрка, каб ня ўставіць «шпількі», хоць тут-жа, адчуўшы, што выйшла яна затупой і задурной, навет густа пачырванеў. - Калі хочаш, дык толькі з такім, як ён, і можна было-б сябраваць пазапраўднаму, - спакойна зноў адказала Вера, прыціскаючы толькі на апошнім слове. - І выйсьці замуж? - не ўтаймоўваўся Юрка, чуючы, што зусім ужо «ляпае дурніну». - Але, і выйсьці замуж. Калі апошняя «падзея» здарыцца неяк у маім жыцьці, дык маім абраньнікам будзе напэўна толькі такі мужны, бясстрашны «капітан паветра» - даконча «капітан паветра», - закончыла Вера, неяк ці то лятуценна, ці то насьмешліва, хоць ніхто з усхваляваных зайздроствам ейных рыцараў апошняга адценьня не зразумеў і навет не спасьцярог. На гэтым усе гаворкі пра «падзею» ў кіно спыніліся й не аднаўляліся, бо, зрэшты, больш «нічога такога» за Верай ніхто ня здолеў спасьцерагчы, як ні пільна сачылі цяпер усе, асабліва на першым часе. Але пакрысе сярод хлапцоў клясы пачала раптам выяўляцца надзвычайная цікавасьць да лётнае справы. Ажывілася праца школьнага авіягуртка, які датуль існаваў бадай толькі на паперы, а калі ўвесну быў абвешчаны авіянабор у школу - дзевятаклясьнікі, усе як адзін, пападавалі туды заявы. Што Віктар і Юрка пройдуць камісію - у гэтым для нікога ня было найменшага дзіва, але што трэйцім між іх будзе зноў-ткі Валік - сталася для ўсіх поўнай неспадзеўкаю. Праўда, у навуцы ён заўсёды йшоў у ваднэй тройцы з тымі, але-ж тут не ў навуцы штука, а ў фізычным стане і здароўя, і сілы, і спрыту. Дзе гэта ўсё ў паненскае «нашае Валі», кволае «Сьнягурачкі»? У самым факце, што й Валік падаў заяву, бачылі толькі меру ягонае закаханасьці ў Веры, ня меншую, як у іншых. Хлапцы сьмяяліся й дражніліся, што лепш-бы падацца яму ў школу мэдычных сёстраў, бо тут для яго рэч безнадзейная ды зусім неадпаведная. І дзяўчаты таксама шкадавалі беднага ды наперад рыхтаваліся спачуваць і суцяшаць яго пры забясьпечанай няўдачы. Але Валік, хоць нязьменна чырванеў на ўсё гэта, ды станоўка, проста «непасвойму», як казалі, дамагаўся свайго й дамогся, «адшыўшы» цэлы рад прэтэндэнтаў, якія фізычна выглядалі куды мацнейшымі за яго й былі зусім пэўныя, што ўжо хто-хто, а Валік тут ім ніякі не канкурэнт. Неўзабаве й наладзілі праводзіны будучых «капітанаў паветра». Адгулялі іх у Верынай гасподзе, на што ня толькі згадзілася, але навет сама запрапанавала Верына маці - вельмі сымпатычная жанчына, сама настаўніца. Вера была, як заўсёды, роўна вытрыманай і спакойнай, але ўсё-ж крышку можна было спасьцерагчы, што ёй ня можа не імпанаваць гэты вычын ейных «рыцараў», бо дзяўчына напэўна добра разумела, што гэта тыя калішнія словы, сказаныя ёю зайдросьнікам, так вызначальна ўплылі на выбар імі свае жыцьцёвае кар'еры, гэтак прынадна-рамантычнай, але разам із тым і такой цяжкой ды небясьпечнай. Праводжаныя найлепшымі пажаданьнямі й патаёмнай зайздрасьцяй ці аднага зь незадачлівых канкурэнтаў-аднаклясьнікаў, адбылі трох у Маскву, дзе неўзабаве, у чырвені таго самага году, засьпеў іх выбух вайны зь Немцамі. Курс авіяшколы быў прысьпешаны як мага і, добра папрацаваўшы ды, папраўдзе, адмучыўшыся, новасьпечаныя пілёты апыніліся ўжо ля самога фронту, у №-скай эскадрыльлі лёгкіх бамбавікоў, дзе, змушаныя ня так школьным сяброўствам, як тым Верыным бласлаўленьнем і змаганьнем за яе, папрасіліся ў васобны, свой «зямляцкі» зьвяз, на чало якога выпрабаваныя падхалімскія здольнасьці вынесьлі Віктара Лабуніча. IV Юрка бег у сваю скрайнюю, найдалейшую за ўсіх палатку, як-бы старт меўся быць ужо, зараз во, і ён ня ўхопіць падрыхтавацца. Гнала яго тая шалёная думка, што раптам выбліснула пад канец гаворкі зь Віктарам. - Але, дадому - хоць раз добра вырзаў дурны Жарабец, - праказаў ён сам сабе ўжо ля самое свае палаткі, і тут-жа палахліва азірнуўся, ці не пачуў хто. Блізка ня відаць было нікога... Толькі як гэта зрабіць - трэба абдумаць зараз канкрэтна, грунтоўна, а галоўна - бяз панікі, спакойна. Каб і назад як зьвярнуцца? Не, як скочыш далоў - назад ужо дудкі... Дый навошта? Там-жа Вера, дык якраз будзе зь ей і - адзін... А гэтыя два тут застануцца - яшчэ лепш. Але як сама Вера гэта прыйме? Не, хіба-ж не «патрыятычна» - чаму-ж сама засталася пад акупацыяй, калі Віктар прыйшоў сюды (ня хлусіць-жа хіба). І якраз гэтым цяпер можна й заваяваць яе канчальна, што для яе-ж скочыў. А вайны гэтае й лётаньня ён мае ўжо аж за самае годзе, хай іншыя даваёўваюць, хто хоча, усё роўна, перамога - віламі па вадзе, дзе... А так - яны будуць разам ізь Верай, што-б там ня было. І якое ўва ўсім гэтым вар'яцтва, шаленства, як здалося было адразу? І Юрка супакоіўся канчальна на цьвёрдай, непахіснай пастанове: сяньня ён пакіне і гэтую эскадрыльлю, і Віктара з Валікам, і «Макрыцу», і ўсю гэтую «доблесную, непераможную». І назаўсёды. З парашутам - далоў, у «каханы горад», дадому, хоць і няма яго ў бяспрытульнага Юркі, але - да Веры... Дык рыхтавацца, бо старт - нязвычайны будзе старт... Ды вось адразу - першая «закавыка»: як-жа зь ім, із гэтым штурманам-радыстым Гадэнкам? Бо, дазволіўшы на ўтварэньне «сяброўска-зямляцкага», ледзь не нацыянальна-беларускага зьвязу, пабаяліся-ж пакінуць яго чыста такім, дадаўшы, на ўсякі выпадак, штурманамі чужых. Што праўда, сваіх і ня было пад рукамі. Добра, хоць цяпер гэтага Гадэнкі тут, у палатцы, няма... - Трэба пачысьціць рэвольвэр, - ізноў праказаў уголас Юрка. Ён ня любіў свайго штурмана й без таго. Не падабалася яму навет і тое, што прозьвішча ў гэтага палтаўца - гатовая мянушка, перарабляць ня трэба. І здавалася, што штурман добра й апраўдвае гэнае прозьвішча-мянушку. Усюды, гад, мяшаецца, крытыкуе, устаўляе свае тры грошы, а сам - доўбня-доўбняю. Падазравалася навет, што ён сочыць Юрку, ды ці ня зь Віктаравага даручэньня - «сачком» у «сачкома»... Дык гаду хай і будзе гадава... Ні здагадацца, ні зварухнуцца ня ўхопіць - гэткі цяльпук... Толькі - не: пакуль яго няма, трэба перш із вопраткай які парадак даць - ня будзеш-жа там франтаваць у гэтым «сакаліным», сваё цывільнае трэба падніз, каб гэта пасьля - ськінуў і пайшоў сабе... Юрка борзьдзенька распрануўся, дастаў з куфэрка свой адзіны й сьвяточны дагэтуль, людзкі, як называў ён, цывільны гарнітур. Так, цяпер на гэта адразу - камбінэзон... І ані ня знаць толькі што мо зараньня яшчэ гэтак выстраіўся... Ды хто там спасьцеражэ, і што ў гэтым нязвычайнага? Ага, вось і грошы тут - добра, што не распусьціў. Хоць, зрэшты, ня было й на што. Плацяць, што праўда, добра - за добрую й рызыку, толькі цяпер - навет паўлітра ня купіш звыш таго што «ў прафэсіі» «для запраўкі» належыць... Ага, і гэтага рэшткі трэба «зьнішчыць», «каб і люлька не дасталася ўражаму ляху»... Але пасьля лепш, перад самым адлётам, якраз - для настрою... А грошы - прыдадуцца, пэўна прыдадуцца... І Юрка ўзяўся чысьціць сваю зброю, якая мелася сяньня выканаць ня зусім прыемную ўсё-ж рэч, але бяз гэтага ня выйдзе нічога... Не, ужо каго-каго, а Гадэнкі не шкадаваць... Ня йдзе вось - хай адгуляе сваё апошняе на гэтым сьвеце, і - марш... Няўзнак, сам сабою накруціўся той матыў, які нядаўна гундосіў ім Жарабцоў. Добрая мэлёдыя, хоць ужо й цяпер для Юркі яна павінна быць «іхнаю», але ўсёдна - добрая. Упраўляючыся з рэвальвэрам, Юрка сьціху насьпёўваў сам сабе тое: Каханы горад сябру усьміхнецца, Знаёмы дом, зялёны сад і той пагляд... Апошняя думка спыніла яго яшчэ на мамэнт: хіба гэта ён - адзіны з трох - найразумнейшы, што ягоную галаву наведала раптам такая геніяльная ідэя? Што, калі й з гэных двух каторы падобна разважыў і - наважыў? Віктар - дык напэўна не: ён нізашта ня кіне свае, так блізскучае, кар'еры тут, ардэноў, якія ўжо перад ім маячаць... Быў-жа ўжо апыніўся на тым баку, і зь Вераю бачыўся навет - назад усё-ж прыгнала. Але - Валік? Бедны Валік, якую «сьвіньню» падлажыў яму сяньня гэты сьмярдзюх. Аднак, бадай, мае рацыю: Верын дом сяньня будзе ў поўнай бясьпецы, гэтага «Сьнягурачка» дапілнуе, як свайго вока. А дадумацца да такой ідэі, як у Юркі, ды адважыцца пагатоў - ці-ж стане на гэта «авечкі»? І зноў, супакойваючы й абнадзейваючы, выплыла слаўная, задушэўная мэлёдыя на тых самых словах: Знаёмы дом, зялёны сад І той пагляд... V Валік ляжаў нярухома на сваім паходным ложку, уталопіўшыся ў вадзін пункт перад сабою распаленымі вачыма. Гэтым пунктам выпадкам сталася маленькая, акуратненькая кругленькая дзірачка ў палатне палаткі, прабітая куляю. Празь яе відаць было чыстае, ужо цёмна-сіняе неба. Дзірачку нядаўна зрабіў Юрка, як быў у Валіка ў палатцы і, п'яному, заманулася яму застрэліць із рэвальвэра муху, што сядзела была на тым месцы. «Куля прабіла маленькае вакенца ў неба», - падумалася, прыгадаўшы гэта, Валіку. Але гэтая думка ня спыніла на сабе тымчасам ягонае ўвагі, склізгануўшы й зьнікшы, як і ўсе іншыя, ды варочаючы ўсё назад да таго аднаго - што за подласьць зрабіў яму Віктар, і што наагул будзе сяньня, за гадзіну-другую, зараз во... Гэта мучыла й пякло, і кавалачак неба ня мог ані супакоіць, ані ўціхамірыць сваёй чыстаю сіняй. Можа замалы быў ён на гэта. І Валік, хоць увесь час глядзеў на яго, не заўсёды й бачыў, апанаваны цяпер сваёй нявымоўнай пакутаю. ...А гэтая скаціна, Жарабцоў, іржэ й лезе з агідным сваім лапаньнем. Можа й праўда, такому - і на свой родны горад, як любяць яны казаць - «напляваць», і ўсёроўна, што «напляваць» - сыпаць у яго бомбы, сеючы пажары, руіны, сьмерць. Можа ў іх ува ўсіх і праўда няма Бацькаўшчыны, ці бо ёсьць, але толькі «сацыялістычная», і зьнікае тады, як воляю лёсу стаецца «абшарамі», хоць і «часова», але «акупаванымі ворагам». Ды што там - пэўна-ж, на Валікавай Бацькаўшчыне ўсім ім няма бацькаўшчыны, ня можа быць дый быць не павінна. А Віктар, Юрка? Віктар - зусім такі, як усе яны, мо яшчэ й больш, а ў подласьці - дык пэўна. Юрка-ж із школы знаны сваёй «нязвычайнай лёгкасьцяй у думках». Будзе сабе бястурботна раськідваць направа й налева, абы куды, Галушка - галушкі... Не, ня сьмешна. Яму, Валіку, аднаму баліць гэта і за сябе, і за іх, і за... ...А песьня гэная - які зьдзек, хоць-бы сабе й не Жарабцоў сьпяваў. Што за чортава, пякельная гіронія: Каханы горад можа спаць спакойна І роіць сны, і зелянець сярод вясны... Хай-жа паспрабуе заснуць спакойна сяньня, хай паспрабуе сьніць і зелянець, калі прылятуць адудзячыцца яму за ўсё родныя сыны, гадунцы, пястуны... Каханы горад сябру усьміхнецца... Усьміхнецца - вышчарбамі руінаў, дымам пажараў... Знаёмы дом, зялёны сад і той пагляд... А тады-ж, як праводзілі іх у школу, у Веры, сьпявалі ўсе гэта за патэфонам, і не спасьцерагалася гэнага нічога, і так хораша, слаўна ўсё было тады... І навошта, навошта было ляцець у гэтае «лятунства»? Ніколі-ж, ніколі не ляжала да яго душа, ні да вайны... Нат малым ня любіў гуляць «у вайну», «у салдаты»... Перш думаў - для яе, Веры. А тады, на праводзінах, як апыніліся нек зь ёй удваіх у садку («зялёны сад»...), - сказала яму як-бы з дакорам: «А ты, Валік, ты-ж чаго? Ты-ж мастак, і гэта-ж - не для цябе зусім»... І насьмеліўся (пэўна, пачырванеў, ды цёмна было, ня відаць), і пачаў: «А ты-ж сама казала калісь»... - «Бедненькі, дурненькі! І ты таксама ўзяў за праўду?» І палажыла яму руку на плячо. - «Ды дармо цяпер, запозна... Ідзі, Валік... Трэба быць і такім, трэба будзе й такіх»... І раптам - пацалавала моцна-моцна ў вусны... Аж цяпер, як успомніць, узгараецца ўсё ад таго адзінага, першага й апошняга - але, хіба й апошняга - пацалунку. А тады - ачмурэў зусім, і як да прытомнасьці зноў дайшоў - яна ўжо зьнікла... Так праводзіла яго. Толькі яго аднаго, ці й тых таксама, кажнага мо паасобку? Загадка, заўсёды была й засталася загадкай яна, гэтая Вера... Валік устаў з ложка, адамкнуў свой куфэрак і дастаў, рупліва загорнуты ў тонкую паперу, аркушок, выдзерты калісь із «сшытка на маляваньне», на якім - яна. Сам маляваў алоўкам на лекцыях, і выйшла - як улітая ўся, нездарма-ж быў Валік - першы ў клясе мастак, і мастаком лятуцеў стацца, пакуль тыя словы... Рупліва, рыска па рысцы, наносіў на паперу тады, хаваючыся ад іншых - і ад настаўнікаў, і ад сяброў. А яна спасьцерагла нешта й прыслала пісульку: «Я-ж - можа не абраз, што ўсё так узіраешся ў мяне»... Бо й праўда - глядзеў, ўсё глядзеў... Папрасіў прабачэньня, падзіцячаму дакляраваў, што «болей ня будзе»... Дый усё, бадай што, было ўжо гатова, і цяпер - глядзіць на яго - жывая!.. ...І той пагляд... Пагляд шэрых вачэй, пільны, праніклы, і разам із тым - жывы, зь іскрачкамі, агенчыкамі дзесь у глыбі. І пагляд - загадка... Пасярод галавы - прадзел, ад яго імкнуцца цёмна-русыя валасы ў дзьве даўгія касы за плячыма. І вусны - тыя вусны... Раз - толькі раз - апалілі яго, і тое - мо сьнілася хіба... А як усьміхнецца - агенчыкі ў вачох выб'юцца, выкрасяцца наўзьверх, і за вуснамі - буйныя, белыя зубы-пэрлы, і на шчоках - дзьве ямінкі, тут... «І той пагляд», і той пагляд... Хай-бы сказаў цяпер, наўчыў, што рабіць, што рабіць? Не, маўчыць і пагляд, і пагляд - усё тая-ж загадка, той-жа сфінкс, «Джыякондава загадка»... Валік схаваў партрэт свайго рысунку за ўлоньне - мусіць быць сягоньня зь ім - кінуўся ніцма на ложак, на яго... Што рабіць, што рабіць? Хацелася плакаць, наўзрыг, заходзіцца ад плачу... Ды сьлёзаў ня было, хоць, здаецца, так нядаўна яшчэ плакаў употай ад іншых... А цяпер - ужо сталасьць, і сьлёзаў няма, і далёка маленства адзадзя... А й сталасьці тэй - таксама няма, каб стала разважыць, няма, як і дзіцячых сьлёзаў... Няма, нічога няма, і ўсё, што будзе - адно нічога... Ён перакінуўся зноў наўзнак, і зноў трапіў зрок на кавалачак тае нябёснае сіні - «вакенца ў неба». Сінь сьцямнела яшчэ, і цёмна рабілася ўжо навакол, а яшчэ цямней - у душы, у думках... Толькі адзін Віктар рыхтаваўся да «апэрацыі» стала, сыстэматычна й мэтадычна, як прапісана ўсімі статутамі й «слаўнымі» традыцыямі. Ён «глынуў» - незамала й незашмат, у меру, не п'янюга-ж які. Ён пачуваў усё нутраное здавальненьне ад таго, як «удружыў» Валіку... «Валіку прывітаньне», - сказала яна, як бачыліся апошні раз, на тым баку. Пэўна-ж, ён не перадаў і дасюль, бо так даткнула балюча... Але-ж, будзеш мець цяпер ад яго прывітаньне... Ды не, не дапусьціцца Валік, каб як хоць блізка што ўпала - Віктар сказаў гэтак Юрку, і цяпер зусім пэўны ў гэтым. І наагул, можа «здрэйфіць», баючыся, каб Веры не закрануць, можа падсадзіць сябе сам, а цяпер-жа - вайна, раз-два - і «выбыў із строю»... Застанецца адзін Юрка, а той - ужо пэўна, не цяпер, дык у чацьвер, за нешта ды зачэпіцца. Вось і сяньня з гэтай хустачкай каля яго - камісар-жа бачыў, пры выпадку не забудзецца прыплюсаваць да іншых штукаў. Тады - тады некалі будзе перамога, і ён - Віктар - што значыць: «пераможац»... Праўда, адно крыху пякло Віктара часам. За колькі дзён перад вайной яго выклікалі былі тэлеграмай дадому - цяжка зьлегла маці. Там залавіла вайна, і такі нечаканы маланкавасьцяй сваёй гітлераўскі наступ... Уцякаючы з гораду ад бомбаў, апыніўся ўсё-ж на нямецкім баку. І там, на сяле, спаткаўся тады зь Верай, таксама «ўцякачкай». Першым рухам было - застацца цяпер пры ёй - балазе якраз адзін... А Вера станоўка наважыла заставацца пад Немцамі. І прызналася навет раптам, што тады, як прыйшла вучыцца ў іхную школу - яны з маткаю прыехалі ў гэты горад, бо бацьку - расстралялі... Дык хіба ўцякаць ёй далей, з тымі забойцамі бацькі? Ды як Віктар сказаў, што й ён застанецца мо тут - запярэчыла катэгарычна: «Не, табе трэба туды, як баржджэй туды, тут табе няма й ня будзе чаго рабіць». Тады ня прызнаўся й ён, як нікому не прызнаваўся (а ёй - ужо хацеў быў) - што й ягоны бацька - не «бязь вестак загінуў», як казалася ўсім, а таксама, тэй самай дарогай, што ў яе, толькі куды раней, на самым пачатку... І тады - пайшоў зараз-жа, ня турбуючыся больш аб матцы, цяжка хворай ды такім часам... Разыйшліся зь Верай ў розныя бакі - яна вярталася ў горад, і ён таксама вяртаўся - у авіяшколу, у Маскву. Ды зыйдуцца некалі зноў, вернуцца зноў адно да аднаго... І дабраўся-ткі да школы. І добра, што пайшоў, што дабраўся - праўда, тут, толькі тут ягонае месца, толькі адсюль прыйдзе змалку жаданая, чаканая слава... «Ардэнок - як прышпілены», - успомнілася, як сяньня шапнуў камісар. Але ад тых усіх успамінаў было ўсё-ж і неяк мулка. Бацьку свайго Віктар памятаў мала, дый баяўся ўспамінаць, баяўся, каб ня выплыла нек, каб не даведаліся, каб не... І часам бадай - ненавідзеў. Ненавідзеў за тое, што празь нешта, што бацька зрабіў ці не зрабіў, ён, Віктар, мусіць цяпер усьцяж калаціцца ад страху быць выкрытым, злоўленым на «схаваньні соцпаходжаньня», ды яшчэ - «ад контррэвалюцыйнага элемэнту»... Зрэшты, любіў Віктар толькі сябе, і Веру - хіба. Не, ня любіў, а хацеў толькі для сябе... Падурному быў пэўны: дасца й гэта, як даецца дасюль усё, што хацеў. Гэта дарма, што цяпер яна - на тым баку, і што бацька, і што тады казала так... Перад стартам усмак «храпануў» гадзінкі зь дзьве. VI «Каханы горад» пераняў сваіх нечаканых гасьцей яшчэ падарозе. Калі Валік, злучаны таксама слухальнікам із радыёапаратам, незнарок прыслухаўся да тых хваляў, што лавіў, седзячы адзадзя за ім ягоны памагаты, слаўны хлопец, штурман-радысты Ахмет Шырахметаў, прыслухаўся баржджэй дзеля таго, каб адарвацца ад усё тых-жа думак, бязвыніковых шуканьняў выйсьця «што рабіць», якія падмяняліся праваламі ў поўную пусьціню, у нейкае «абсалютнае нічога», - яму пачуліся раптам гукі, якія сваёй знаёмасьцяй і роднасьцяй глыбака кранулі за сэрца. Ён даў Ахмету знак, і той пакінуў сваё падарожжа па хвалях этэру, навёўшы злоўленае на большую чутнасьць. Цяпер гукі пачалі апранацца ў ваддаўна знаёмыя, квола-далікатныя словы, якія толькі знае простая, ды шчырая, народная нашая песьня: Мае босенькія ножкі, Сьцюдзёна стаяць... Але-ж, яна, шырака знаная і на бацькаўшчыне, і далёка за ёй, засмучона-пяшчотная наша «Ў полі вярба». І яшчэ раз, рэфрэнам: Мае босенькія ножкі, Сьцюдзёна стаяць... Валік адразу занурыўся, патонуў увесь у даўно ўжо ня чутых, а блізка-сваіх гуках, і можа нейкую часіну апарат ішоў сам, запраўды «насьлепа», занядбаны рукою й воляй пілёта. Усё. Як шкада! Але вось - за няўхопным зь няпрывычкі голасам чужога дыктара ў малазразумелай мове - «гаворыць»... родны горад, каханы горад! І на тэй самай хвалі, як калісьці гаварыў! Сьпявае, гаворыць у тэй самай мове, якую, казалі там, у іх, забаранілі тут зусім, перасьледуюць... Казалі - пэўна-ж, хлусілі, як і хлусяць усё, а хаценьні такія, хаценьні забараніць і сьцерці зусім - самі мелі заўсёды, ды ці мала чаго ўжо пасьціралі... Мае босенькія ножкі Сьцюдзёна стаяць... адбілося водгульлем, паўтарылася яшчэ раз дзесь глыбака там, у душы. Так, значыцца, блізка ўжо дзесь сам ён, каханы горад. Зараз, зараз ужо ...сябру усьміхнецца Знаёмы дом, зялёны сад... І можа там, на Слабодцы, у тым «зялёным садзе», дзе й апошняе тое было, стаіць, залятуцеўшыся, без спадзяваньня навет якіх-колечы там трывогаў - Яна, і стыгнуць ейныя босенькія ножкі ў прохаладзі вясьнянага вечару... Успомнілася - бачыў раз нек - босая, несла вядро вады, і згледзеўшы яго здалёку, махала другой, вольнай рукой... Вера. І верыў заўсёды ў яе, а дзе вера цяпер? Вера - «Вярба»... ...Дзіва - тады здавалася ім, бадай усім, гэтая «Вярба» такой абрыджонай ужо, зацяганай, «зьбітай» песьняй, што як завядзе хто незнарок - і падцягваць і слухаць навет ніхто не хацеў. Інакшым зусім выглядаў гэты «таварыш» - «далёка ў сьвет таварыш адлятае»... А як апынуўся «далёка ў сьвеце», за сьветам, як пачуў ізноў пра вярбу й ваду - і адчулася зразу ўсё прадоньне між гэтай і гэным. Тут - простасьць і шчырасьць, якую няпраўда, не «зацягаць» і ня «зьбіць» нікому й ніколі, бо прасякнуты ёю гукі, словы наскрозь. Там - пад вонкавай задушэўнасьцяй - адна хвальш, хлусьня, гіронія, зьдзек - асабліва цяпер, калі за мамэнт-другі разбудзяць сьмерцяносныя гукі каханы горад, не дадуць яму «спаць спакойна і роіць сны», хіба што - ці аднаго вечным сном супакояць... - Падрыхтавацца... - пакрыў усё, і думкі, у слухальніках бразгатлівы Віктараў голас, аж здрыганула ад яго. Валік глянуў уніз - там, далавах, добра бачны ў відной, зорнай, хоць і бязьмесячнай маладой начы памалу падплываў родны горад, ніколі ня бачаны з такое высакосьці, а ўсёдна знаёмы, да болю знаёмы. Вунь, на ўзвышшы, гатыцкія вежы былога касьцёлу, што заўсёды здалёку відаць, адкуль ні падыходзь, ні пад'яжджай. Валік зьнізіў яшчэ вышыню й лёгка знаходзіў прыдзеленую яму часьціну. Толькі тут пачыналася ўжо й незнаёмае, нязнанае перш, калісь - выразна тырчэлі ўгару голыя каміны й руіны ўжо на прадмесьці. Як-бы выскаляліся, вытыкалі дакорам, дакорам і яму, што зараз павінен памножыць іхны сьцяг магільных касьцякоў-шкілетаў. З правага боку дзесь бліснула, і зьнізу данёсься выбух. Гэта пэўна сусед - Віктар пачаў. І збоку зыркае сьвятло - вісіць у небе «сьвечка» - ракета, разьлівым сваім відном сягаючы аж дасюль. Валік даў знак, і за часінку асьвятліла таксама пад ім усё павешаная Ахметам іхная «сьвечка». Ён зьнізіў апарат яшчэ, пайшоў укруга, і... Божа мой! Пад «сьвечкай» мокрадзяй вячорнае расы блішчэла так знаёмая іржавая бляха як пераламанае пасярэдзіне хрыбніцы даху... Ягоны дом, ён, толькі ён! Усьцешаны - а чаго? - закрычэў Валік у слухальнік, Ахмету: «Пад «сьвечкай»... увагнуты дах... я жыў, і бацькі там жывуць пэўна й цяпер...». Так, і бацька здаволены можа цяпер - бацька, які ў іхным цесным сямейным коле, як ня мог ніхто пачуць, ціраз выказваў сваё пажаданьне, «каб прыйшоў ужо на іх хоць які «хай-гітлер». А як-жа не хацелі старыя, каб ён у гэтыя «сакалы» ляцеў, як адгаворвалі, плакала маці, і не разумелі ніяк, што сталася зь ім, чаму раптам такое... Не сказаў-жа ім, ня мог сказаць праўды, не паслухаў, ня здаўся на адгаворы, і вось цяпер... Выбух пачуўся, як нейкі трэск, але нешта ня зьнізу, а дзесь як-бы збоку й вышэй... Яшчэ - перш зьнізу, а тады - як над галавою. Што? Артылерыя? А казалі-ж - «абароны няма, пэўныя весткі»... І тут - як заўсёды - «казалі»... Дык што - трэба вышэй, ці ніжэй? І што далей? Усё гарэла яшчэ над бацькавым дахам «сьвечка». І Валік ськіраваўся імкліва прост на яе. - Начальнік, што задумаў? Лепш як далей адсюль... - пачуў ён зараз-жа ў слухальніках устрывожаны голас Ахмета. Што здалося яму? Не, ніколі, хіба вырадак які Валік... І нек супакойваючы, успомніўся часта чуты й ціраз бясьсьведама ўжываны самым, асабліва малым, такі «нацыянальны» праклён - «каб адсохла рука»... Але-ж, адсохла-б... Ды трэба-ж, трэба нешта рабіць! «Сьвечка» ўжо згасла, а ён яшчэ не пачаў «работы». Зьнізу стралялі цяпер там і сям, праўда, яшчэ слабавата. «Аб'ектаў» у ягоным раёне таксама няма, Віктар усе бадай сабе забраў - пэўна-ж, дзеля славы. Дык можна спусьціць, дзе пападзя? Толькі трэба знайсьці перш той «знаёмы дом», каб ня трапіць хаця... Ён узяў курс туды, дзе, здавалася яму, павінна была-б быць Слабодка. Загарэлася новая «сьвечка»... Кіруючыся, мабыць, ужо на яе, дужэць пачала й страляніна зьнізу. Рабілася крыху «цёпла», як казалі ў іх. Лятучы як мага памальней, пільна ўзорыўшыся ўніз, шукаў Валік знаёмай, ах, як знаёмай калісь вуліцы й дому. Толькі тут усё было зусім, зусім незнаёмым. То каміны, то нешта такое, чаго ніколі зусім ня было. Хіба - зблудзіў? Нейдзе зусім блізка, глуха покнула «шклянка» - эге! А Слабодкі й дому - як ня было. - Начальнік! - Чакай, Ахмет, чакай, зараз... Хіба пакідаць куды ў руіны, каб нікому шкоды ня было - будзе-ж гук, «дэманстрацыя» будзе, каменьня, друзу крыху разьнясе на бакі... Не, і ў руінах-жа могуць жыць, ці адмыслова цяпер хавацца людзі... - Згасла й гэтая «сьвечка»... - Начальнік! Паслухай, Ахмет скажа... - Зараз, Ахметка, - «сьвечку»! Божа! Ізноў над самым домам бацькоўскім павісла, ізноў зьвярнуўся, значыць, туды - ізноў, як знарок... І ён рынуўся прочкі адтуль, наганяючы ўжо хутчыню. Страляніна часьцела, дужэла, збоку даляталі выбухі й зь зямлі, далей на поўнач, відаць было, заняліся пажары... Валік кідаўся па сваім «раёне» туды й сюды, паліў «сьвечкі», усё шукаў і знаходзіў - каторы раз - толькі бацькаў дом, і ня мог у вадчаі адважыцца на што-небудзь. Толькі Ахмет не чакаў. Хай начальнік паслухае: ён, Ахмет, ня выдасьць ніколі. Адляцецца куды за лясок, і ў балота «згрузіць» усё. Хто там пазнае - праверыць? А што - біць бязьвінных людзей, навошта, каму гэта трэба? Ахмет-жа - магіла, каб толькі начальнік паслухаў Ахмета... Валік вагаўся... Ахметаў разьвязак - геніяльны ў сваёй прасьціні, як ня прыйшло гэта ўдум яму самому - сама прасьціня Ахметавымі вуснамі прамаўляе, але... - Канчай! - забражджэў нарэшце ў апараце Віктар. Так, слаўны Ахмет, няхай будзе так! Той лясок - напэўна Папоў лес. Валік памкнуў на яго, бадай «голячы». Вось прагаліна - паляна, балотца? Дык - сюды! Раз, і раз-по-раз - усё. Бліснула, яшчэ, і страшэнны пякельны выбух - гук, і яшчэ, і яшчэ, і, здаецца, аж машыну шыбнула ўгару, ці, можа, палягчэўшы, узмыла сама вольнай птушкай. Так, будзь, што будзе! «Канчалі», Ахметка, «канчалі»! І аж радасна палягчэла ў самога ўсё, палягчэла й прасьвятлела. Праўда, чаму было так не здаўмецца адразу? Толькі, як адляцеўшыся ўжо, азірнуўся назад - сэрца зайшлося. Чырвоначорная заслона вісела над горадам, каханым горадам... Што-ж, толькі і ўцехі - ня ён... Бывай, родны горад, каханы, бывай, да лепшага мо спатканьня, твой верны сын ня ўзьняў сяньня на цябе рукі. Ня ўзьняў і ня ўзьніме ніколі - «каб адсохла»... ...Каханы горад сіняй смугай тае... Не, ня сіняй смугай - крывава-чырвоным адблескам пажараў, чорнай жудой адплывае адзадзя родны горад... VII Здавалася, усё так грунтоўна наперад абдумаў Юрка яшчэ ўдома, а вось тут, «на мясцовасьці», нек ня йшло адразу. Не, «зьліквідаваць» перш-на-перш Гадэнку, як было надумана, - і зручнасьць пакуль не падкручваецца, і мо, наагул, нядобра. Лепш стварыць хоць уражаньне, што пачаў быў «работу», а пасьля - нешта выйшла, і загінулі ўсе з машынай разам. Гэтак і на тым баку будуць спакойныя. Пэўна-ж, спакойныя, бо Віктар-жа ня будзе клапаціцца па Юрку, а баржджэй «сьвечку паставіць», хоць сабе ў думках. Яшчэ й прыямней навет - справяць «памінкі» як па «ахвяры»; а не - і «гэроі», «разьдзьмухаюць кадзіла», нахваляць, нашкадуюць хоць публічна, дзеля прыліку, а ты тут сабе - цалюсенькі і - каля Веры... Каб пасьля й даведаліся (але дзе там!), дык - такое бяды: «вымушана», з парашутам - дый наагул, больш-жа зь імі - «дзяцей ня хрысьціць». Ага, вунь там - якраз пад нагамі - могілкі, той «адзіны ваенны аб'ект», як жартаваў сяньня Юрка. Вось тут і пахрысьцім, хоць сабе нябожчыкаў, пэўна-ж, ёсьць сярод іх і няхрышчаныя... «Сьвечка», спушчаная Гадэнкам на Юркаў загад, якраз добра асьвятліла царкву сярод гайка. Да ўстановаў гэтага роду Юркава ўзгадаваньне прышчапіла яму звычайныя для гадунца савецкае школы і нялюбасьць і кплівасьць. Дык вось-жа ён яе зараз! Пэўна, цяпер паднавілі, падчысьцілі, папы «разгарнулі сваю работу» пазапраўднаму, ня так, як на гэтым баку, на паказ - дый тое-ж як не падабалася і Юрку і іншым. Праўда, там, на другім баку, давядзецца мо й прывыкаць цярпець, але гэта - хай будзе апошняя даніна ягонай «старой веры» бязьвер'я й бязбожжа. Раз, і - блісь, гух! Яшчэ разок дзергануць - так яе! Цяпер - паверсе «пасаліць» запальнымі - дзервяная-ж, стане, як сьвечка! Вось «работа» й пачалася як слаўна! Пасьля трэску й гулу ўнізе «сьвечка» згасла, і Юрка з апошняга кругу хацеў ужо «прагуляцца» па ўсім раёне, як у выбухлым раптам зыркім поламі, мусіць, ад «солі» ягоных запальных бомбаў - згледзеў крыж царквы зусім збоку, ані не закранутым. Значыцца, улялёшыў гэтулькі матар'ялу і ў зусім іншае нешта... Юрка ўськіпеў. Ён заўсёды разьюшваўся адразу ад найменшае няўдачы, а тут-жа - дагэтуль быў лепшым цалком у эскадрыльлі і - раптам табе! Дый наважанае, а пачатае пагатоў, Юрка звык даводзіць да канца. І ён павярнуўся назад, на той «пракудны крыжык». Першыя стрэлы супрацьпаветранай абароны, спаткаўшы яго тут, ня выдаліся яму ніякім дзівам. Юрка й забыўся зусім, што «паводля пэўных вестак» ніякай абароны тут не павінна было быць. Ён толькі адзначыў сабе, што крышку «пралыпалі», «праспалі», відаць не чакаючы сяньня гасьцей, - толькі цяперака бяруцца... Дык-жа - пільнасьць, і акуратней, каб ізноў ня схібіць! Бязь сьвечкі, бо пажар разгарэўся шырака - гнаў яго, мусіць, вецер, і цяпер усё было дужа добра відаць, як ясным днём - Юрка асьцярожна й спакойна выцаляваў у царкву яшчэ парачку выбуховых і запальных. Ну, цяпер напэўна ўзяло! Ды, як уляглося ўсё зноў, падлятаючы, каб пераканацца яшчэ, Юрка пабачыў усё тое-ж: у магутнейшым яшчэ водбліску поламя - крыж на царкве аж зіхацеў і мяняўся! Зрабілася нек аж крышку нядобра. Няўжо запраўды - «нешта ёсьць» і ахоўвае сваю сьвятыню, ці дае нейкі знак, перасьцярогу... Дурніна! Зараз дасца! Юрка зьнізіў, як толькі льга было, вышыню і хуткасьць ды стараўся прымерыцца як спакойней яшчэ раз... - Дарма займаешся, таварыш начальнік, гэтым крыжыкам, - пачуўся раптам у слухальніках нейкі ці то падлізьніцкі, ці то кпліва-насьмешлівы голас штурмана Гадэнкі, цяпер удвая прыкры й праціўны. Юрку аж здрыганула. «Чакай, будзе зараз і табе крыжык», - падумаў толькі ён, і ўголас рэзка кінуў у мікрафон: «Ня вучыць! Яйцы курыцу...». Тут-жа, праўда, мільганула, што й «курыца» ад «яец» ня вельмі адыйшлася - Юрку звычайна адразу-ж накручваліся думкі, як ён называў, «супраць сябе» - і, можа, гадзіч мае рацыю. Але-ж, трэба канчаць і з гэтым, і зь ім. Толькі яшчэ - апошнюю «порцыю»... Юрка ськінуў, яе, не разглядаючыся больш і не чакаючы на вынікі, ды ўзяў кірунак адтуль. Скончыць із Гадэнкам, асабліва пасьля ягонае рэплікі, здавалася яму цяпер асабліва безадкладнай патрэбаю. Дый наагул, досыць гуляць, пара рабіць справу... Ён пачаў спушчаць рэштку бомбаў абы-як, «на маны», пільна сочачы ў люстэрка перад сабою захоўваньне свайго штурмана. А той - якраз добра! - прыгнуўшыся, сам сачыў кірунак бомбаў і выбухі. Юркава рука ўжо моцна сьціскала ў кішэні сьцюдзёную сталь рэвальвэру. Круткі паварот назад - і проста ў цемя, раз-по-раз... Раськірэчыўся ніцма, як-бы адбіваючы земны паклон. Гатоў - гэта ня бомбай у крыжык... Зьнізу, пад самым самалётам, які ўсё яшчэ йшоў вельмі нізка, кэрхнулі залпам гарматы. «Разьвітальны салют па бясцэнным таварышу Гадэнку. Паў, не, - раськірэчыўся гэройскай сьмерцяй. Дадзём і мы ад сябе», удаючы ўрачысты тон савецкіх мітынговых прамоўцаў, праказаў Юрка ўголас, хоць за гудам матору сам сябе й не рашчуў, ды ськінуў рэштку бомбаў, што яшчэ засталіся. Але раптам зрабілася зноў крыху нядобра, так, як там, над царквою... Як-бы з гэтым Гадэнкам адарвалася ў сярэдзіне нешта, ды адарвалася ня так, каб аблегчыць, як гэтыя во бомбы, лятучы далоў, а каб наадварот - прыціснуць, прыгнесьці да зямлі. Гадэнка - гад, а ўсё-ж - чалавек. «У постаці чалавека». Гэта - «постаць чалавека», гэтая - раськірэчана-распластаная? Усё-ж - Юрка сяньня забіў чалавека. Ды ці аднаго ўжо забіў за сваю лятунскую службу, хоць-бы сабе мо й сягоньня? Але каб так проста - з рукі - у галаву... Юрка глядзеў на сваю ахвяру, і было нек і цяжка, і гадка, і вусьцішна, і мо крыху навет - шкада... Самалёт хістанула на бок, і Юрка кінуўся да стырна. Але-ж, за гэтай дурной псыхалёгіяй гатоў і кіраваньне згубіць, і галавой налажыць сам. Ды яму лёгка ўдалося выправіць машыну, і ён пачаў зноў набіраць вышыню. Азірнуўся яшчэ раз на Гадэнку. Ськінуць хіба далоў? Не, хай ляціць із самалётам - сваёй дамавінай. Ськідацца пара самому. Парашут - у парадку. Курс самалёту - насьлепа, вышэй і - на захад, як далей ад «дому». Юрка зарыентаваўся ў мясцовасьці. Ад свайго «раёну» ён адляцеўся ладна. На паўдня. Якраз добра - скочыць тут дзе ў лясок, і - бліжэй да Веры, баржджэй дойдзецца... Паветра рванула ў вадчынены люк. Пераймай, зямля, бывай, паветра! Юрка Галушка апошняй сяньня «галушкай» вытрасаецца на зямлю. Жывая ячшэ сэрцам матору машына зь няжывым пасажырам паляцела далей няведамаю дарогай да няведамага канца. VIII Прыземліўся, як казалі ў іх, «на зэкс» - акурат пры дарозе, у мокрай ад ночнае расы прыдорожнай траве. Паабапал цёмнымі сьценкамі бег, прысядаючы, нягусты, здаецца, лясок. Дзе-ж бы гэта? Усёдна, пакуль не разьвідняе - не зарыентуешся. Пераседзець тымчасам у ляску зь беражку. Вызваліўшыся ад парашуту, Юрка адчуў як-бы вызваленьне ад усяго, што засталося там. Мільганулі яшчэ ў памяці Віктар, Валік, «Макрыца», раськірэчаны сьмерцяй зь ягонай рукі Гадэнка, ды цяпер ужо не кранала нічога, - хай прамільгаюць і застаюцца там, не вяртаючыся ніколі навет і ў думках. Думкі цяпер - наперад, да Веры, да блізкой сустрэчы. Як гэта будзе? Сказаць ёй адразу? Ды і ў гэтым кірунку думкі штось ня йшлі, не хацелася й падганяць іх штучна, адчулася ў іх раптам нейкая ўтома, млявасьць. Дык няхай - будзе яшчэ час, а цяпер - адпачыць і ад думак, і ад усяго. Даволі было сягоньня «работы»... Прабіраючыся ўскрайкам лесу, спаткнуўся на пянчук. Тут і прысесьці, побач, да дрэва можна й прыхінуцца. Добра! Можна было-б і прымгнуць, задрымаць хоць крыху, ня шкодзіла-б дзеля адпачынку, дзеля сьвежасьці... Але сон, як і думкі, ня йшоў. Няхай і так! Усё-ж было добра, і гэтае «добра» абапіралася можа на адным адчуваньні: на зямлі, на «гэтым» баку, недалёка ад мэты. Так із гэтым, ці на гэтым і праседзелася нейкі час, заўсёды ў такіх разох, бязь меры - нядоўга й некаротка, як у тых казках. Толькі крыха-па-крысе пачынаў прабіраць начавы халадок. Гэтыя ночы, хоць ужо й перад саменькім летам, бываюць-ткі залкаватыя. І гэта-ж у лесе, а што, каб на полі? Падацца хіба крышку яшчэ больш у лес, павінна быць зацішней. Юрка ўстаў із свайго пянчука і пачаў прабірацца далей у лес, пасьвечваючы сабе прадбачліва ўзятым із сабой кішэнным ліхтарыкам. Пад нагамі пачынала крыху мякчэць і макрэць - каб ня ўбіцца ў якое балота? Ён зьмяніў кірунак, узяўшы крыху ўбок наўскаса, як здавалася, на сушэйшае. І раптам, узьняўшы нек галаву і глянуўшы перад сабою, прыстояў. Наперадзе, праўда, далекавата яшчэ адсюль, па вяршалінах дрэваў гулялі нейкія слабыя водбліскі. Хіба ад ягонага ліхтарыка? Згасіў, не - тое самае. Мусіць, вогнішча нейдзе. Дык лепш ня рыпацца далей - мала на што й на каго можна яшчэ напароцца. Сьвежы-ж яшчэ тут зусім чалавек, хто іх ведае, што тут у іх і як, якія парадкі... Аднак, усё-ж брала цікавасьць. Юрка стаяў, напружана ўслухваючыся і ўглядаючыся перад сабою. Пакрысе рашчулася - не, хіба-ж не здавалася - трэск поламя і - ці не галасы?... Эге, дык назад... Ды цікавасьць брала ўсё-ж сваё - падцікацца бліжэй, падгледзець хоць. «Можна, толькі асьцярожна», - часам любіў гаварыць сабе Юрка. І кіруючыся гэтым правілам, ён памалу пачаў прадзірацца далей, на тое трымценьне водбліскаў. Неўзабаве ня было ўжо няпэўнасьці - вогнішча й галасы, здаецца, дзіцячыя. Дзеці ўначы ў лесе? Начлег? Але-ж, здаецца, скрозь лес. Вось раптам адтуль проста на Юрку затупаў нехта, неяк медзьведзявата. Юрка застыг, прытуліўшыся да дрэва. Тупат спыніўся недалёка ад яго, і пачуўся трэск - нехта ламаў, мусіць, сухастоінку на цяпло. Ламаў доўга, відаць, што нейкі малы. Юрка мусіў чакаць, не варушачыся. Вось павалок па зямлі, барануючы галінамі. Юрка памалу пачаў пасоўвацца сьледам тых гукаў. Далей трэ было ўжо падыходзіць, хаваючыся за дрэвамі. І нарэшце-ткі вачом адкрылася, як і меркаваў: невялічкая, мусіць балацяная, палянка сярод лесу, вогнішча ды пры ім - чатыры хлапчукі. Адзін, зусім малы - мусіць той, што ламаў і валок сухастоіну, падкладае ў цяпло. Другі стаіць так, і двух яшчэ, расьцягнуўшыся на зямлі, узлокціўшыся, тварамі да цяпла. Падыйсьці хіба няма асаблівае небясьпекі, і цікава, дый зарыентавацца, пэўна, памогуць. Толькі - ськінуць хіба гэты камбінэзон, зраджвае-ж адразу? Але «кавалерчыкам» ці ня будзе больш падазрона? Дый прадрыжышся да раньня ад холаду, хіба, што каля вогнішча... Ды што там - малых баяцца? Баржджэй якраз іх напалохаць можна. І Юрка, не хаваючыся больш, запраставаў да вогнішча. Тыя пачулі ўжо, начыпурыліся, павярнулі галовы ў ягоным кірунку, углядаючыся ў цемру, але больш ніяк не зьмянілі паставаў - нат два, што ляжалі, ня ўсталі зь зямлі. Сполаху, значыцца, ня выйшла. - Здаровы, мужчыны! - вясёла прывітаўся Юрка, падыйшоўшы. - Здрастуйця, - адказаў за ўсіх малы, і ўсе прыглядаліся далей, больш зь цікавасьцяй, чымся із спалохам, або можа ўмелі ўжо схаваць яго. - Начлег? - спытаўся Юрка. Усе маўчалі. Толькі пачакаўшы, адзін із тых, што ляжалі, працягнуў ціха, нек няўпэўнена: - Начлег... - А самі адкуль будзеце? - бітка пачаў допыт ізноў малы, адразу паставіўшы Юрку да шуканьня належнага адказу. - Што ты, Мечык, бязвокі? - кінуў яму ціха той, што стаяў. - Да хлопцаў? - не ўтаймоваўся малы. - Да якіх хлопцаў? - Ды да Юзік... - ён зацяўся і дадаў цішэй, з асьцярогаю: - да парцізантаў. «Вось табе й штука - нейдзе й гэтыя тут... Дрэнь, і не падумалася зусім. Так блізка ад гораду?» - занепакоіўся Юрка. Ды нельга было цягнуць з адказам. - Не, ня знаю ніякіх такіх. - А-а? - недаверліва працягнуў малы. - А чаму-ж па-ра-шуцісты? - вымавіў ён, расьцягваючы толькі першыя склады, не такое ўжо, відаць, нязвыклая слова. - А ты што... бачыў такіх? - Іга, колькі хочаце, - борзьдзенька адказаў, ня даўшы й разьзявіцца малому, другі зь зямлі, што маўчаў дагэтуль, - як пачне сыпаць - як гарохам... - Сам ты гарохам сыплеш, - стала абарваў яго малы, трапна характаразуючы пры гэтым спосаб гаворкі сябрука. - Ты ўжо вельмі, Мечык... - Ого, дык вы, бачу, пісьменныя ўсе! - вясёла праказаў Юрка, пастанавіўшы падсесьці да хлапчукоў, да цяпла. Побач зь ім зараз-жа ўсадавіўся й той пракідкі малы. - Але ты, Мечык, - зьвярнуўся да яго Юрка, - хоць і ўсякіх бачыў, а такіх як я, - пэўна, што не... - Во... а чаму вы ведаеце, што я - Мечык? - уськінуўся той адразу. - Цябе-ж, браце, па ўсім сьвеце ведаюць, - адказаў за Юрку той, што ўсё яшчэ стаяў, і цяпер, поркаючы палкаю, папраўляў цяпло. Ды тут-жа й растлумачыў: - Дзядзя-ж чуў, як мы на цябе казалі. - А-а, - крыху рашчаравана працягнуў Мечык, але зараз-жа падсунуўся бліжэй да Юркі і навет лопнуўшы яго ўжо панібрацка па калене ды хітра-таямніча падміргнуўшы, паўшэптам пралапатаў: - А мы ведаем, дзе цяпер хлопцы... - Нэпатрэбныя мне зусім вашыя хлопцы, Мечык, - адказаў Юрка. - І нам яны непатрэбныя, - зусім, як стары, ажно нейкім басам праказаў Мечык. - Ні яны, ні... хто... Гаворка спынілася. Хлапчукі, відаць, думалі сабе нешта, гледзячы на вагонь, нешта такое, што няраз ім думалася й думаецца, ды ня выдумаецца нічога. - Эх, каб закурыць! - ізноў парушыў маўчанку Мечык. - Ты курыш? - зьдзівіўся Юрка, зрэшты, прыгадаўшы, што й сам пачаў курыць мала большым. - Яшчэ й як смаліць, - адказаў за Мечыка той, што «як гарохам сыпаў»: - бацька ўжо дзяжыў-дзяжыў, дый рукой махнуў: няхай курыць, усёдна вайна... Юрка дастаў зь кішані папяросы й працягнуў Мечыку. - Закуры, Мечык! Той узяў важна, як вырослы, і тут-жа, пры сьвятле вогнішча, прачытаў: «Дукат». - А вы, хлопцы, таксама курыце? Узялі яшчэ двух, толькі той, што ўсё поркаўся ў вогнішчы, адмовіўся: «Яшчэ нявучаны»... - Эх, салодкая папяросіна! - пахваліў Мечык, сплёўваючы аднак. - Чаго-ж плюеш, калі соладка? - зацеміў на гэта «нявучаны», - ку-урэц! «Перакурка» памалу зблізіла Юрку з хлапчукамі. Мо яшчэ й таму, што недалёка й сам ён пачуваў сябе ад такіх ды «ўмеў гаварыць» зь імі. Дык неўзабаве даведаўся ўсё: і што малыя жывуць тут, у лесе, як і бацькі іхныя там, далей, у зямлянкіх, і што на сяле не даюць жыць цяпер «Юзікавы хлопцы» - партызаны, і што такая цяпер вайна - ці выжыве чалавек... Пахваліліся хлопцы, што чулі, як сяньня «савет даваў на горад - усё гух ды гух», цьвердзілі, што было навет чуваць, як Юрка спушчаўся з парашутам: «Высака ішоў самалёт, а пасьля так - ш-ш-ш...». Але нек далі Юрку веры, ці прынамся ўдалі, што вераць, быццам ён нічога супольнага ні зь «Юзікавымі», ні з «саветам» ня мае, і навет Мечык больш не даходзіў нічога. Высьвятлілася з гаворкі й дарога на горад - была яна знаёмая, і зусім недалёка - якраз, як меркаваў сам, пакідаючы самалёт. Паступова гаворка вычарпалася. Скурылі яшчэ па папяросіне. Малых браў сон, і навет Мечык скруціўся ў клубок плячыма да вогнішча, а галавою - ледзь ня ў самы жар, ды сьцішыўся. Юрка глядзеў на малых, апанаваны раптам успамінамі свайго собскага бяспрытульнага маленства... «Пуга, торбачка, гразь па калены, адпачынак на балоце, ля вагня...» - успомніліся нейкія, ці то чытаныя, ці то навет вучаныя напамяць некалі радкі. Разьбіраў і яго сон, але погляд, кінуты на вяршаліны дрэваў, казаў, што ўжо пачынае залачэць. Юрка ціхенька, каб не пабудзіць малых, устаў. Тыя спалі моцна-салодка й не паварушыліся, хоць, здаецца, адно Мечыкава вока адплюшчылася, прапушчаючы яго. Юрка агледзеў яшчэ раз гэты маленькі камячок, у зімовай аблавухай шапцы, даўгім, да пятаў, пад пахамі разлупленым кажушку, у страшэнна вялікіх, бацькавых, мусіць, валёнках - імі й тупаў тады, як мядзьведзь, па лесе... Крыху адыйшоўшыся, Юрка ськінуў свой камбінэзон і схаваў яго тут-жа пад кустом, стаўшыся зусім «цывільным кавалерчыкам», як прызнаў ён, агледзеўшы сябе. Азірнуўся апошні раз на вогнішча. Яно ўжо бадай даходзіла. «Пуга, торбачка, гразь па калены»... - выплыла зноў... Пуга - а пасьвіць няма чаго, усё спасьвілі і Юзікавы, і Адолевы-нядолевы... Хіба, што на пасту выганяй тую сваю нядолю... А з торбачкай, з торбай - пойдуць мо заўтра... Ды што там - заўтра. Сяньня, цяпер... Дый Юрку - таксама цяпер - годзе, пара і ў дарогу, ня час на разважаньні... Бывай, Мечык, бывайце, лясныя хлапчаняты... Адыйшоўшыся ад цяпла й без камбінэзону, праймала золь досьвіткаў. Юрка засягаў шпарчэй у іхнай сівой імгле. IX Пачыналіся ўжо добра знаёмыя мясьціны. Вось Папоў лес, хадзіў сюды ці раз у грыбы, у ягады, проста так, пасьлей - на маёўкі. Блізка ўжо, блізка зусім ён, каханы горад, зараз во «сябру усьміхнецца знаёмы дом»... Што ні ступні, то віднела ўсё больш, і здавалася - ня толькі ў лесе, а і ў душы, і ўжо шчабяталі й пераліваліся й там ранішнія галасы абуджэньня, што даўно ўзьняў навакол шумлівы птўшыны народ. Слаўна, лёгка было й бяз думак, не хацелася думаць навет аб тым, куды йшоў, што й як будзе. Так-жа й лепш - неспадзеўкі і самому, і там... Перад самым канцом лесу Юрка мусіў прыстояць. Зьлева, паўз дарогу зусім, за невялічкай палянкай, на ладным кавалку - як-бы прайшлася вялікая навальніца. Выкарчаваныя, пашчапаныя дрэвы, некаторыя абсмаленыя, вывернутыя кучы чорнае балотнае зямлі над ямінамі-«лейкамі», адна пры аднэй, з гэтага ўскраю - курыць яшчэ нешта на зямлі. Вось яно - ці не ўчарайшае пачынаецца ўжо гэтта? Чакай, гэта-ж якраз пры Валікавым раёне. Хіба, не пазнаўшы, куды, гаціў і гаціў у лес і ў балота? А мо ад страху, каб ня ўрэзаць у «знаёмы дом»? Але-ж, відаць, меў рацыю Віктар у сваіх меркаваньнях, і Веру ўчора нічога не патурбавала. Юрка рушыў далей, але раптам агарнуў яго нейкі непакой, незьясьнёны, незразумелы - і адкуль, і чаго. Не, гэта не перад блізкой сустрэчай - нешта як-бы зноў абарвалася ў сярэдзіне, як учора, калі Гадэнку... Бр-р, аж здрыганула. Не, ня трэба нічога таго, наперад, думкі, і хада - наперад! Але непакой ня зьнікаў, а ўзростаў усё больш, чым больш набліжаўся горад. У ранейшым сваім жыцьці, бяспрытульным, але й бястурботным тады і пасьля, што й выпрацавала такі характар, Юрка ніколі ня знаў ніякіх, як гэта завуць, прадчуваньняў. І цяпер яму і ўдум ня прыйшло расцаніць так гэты свой раптоўны, незьясьнёны такі непакой. Ды, як пачаўся самы горад, аблягала як быццам і гэта памалу. Каханы горад! Вось ён, ён яшчэ «сьпіць спакойна», не прачынаўся яшчэ. Хіба з учарайшага, перанэрваваўшыся, змогшыся ад перажываньняў, адпачывае даўжэй, як звычайна. Праўда, сьлядоў іхнае ўчарайшае «дэманстрацыі» яшчэ ня відаць. Мусіць-ткі Валік і праўда пашкадаваў ды вытрас усё на бедны той Папоў лес. І добра зрабіў! Зараз за павароткай - Слабодка, і Верына вуліца. І зноў ажыў той, нядаўна аблеглы, непакой, ужо - напэўна, ад таго, што вось-вось... Але за павароткай Юрка мусіў спыніцца. Толькі пара дамоў стаяла яшчэ спачатку, а далей - скрозь гола з абодвух бакоў, каміны й печы - рэшткі былых тутэйшых будынкаў. Але, на тым рагу быў і ён, «знаёмы дом» - і там нічога цяпер ня відаць. Скрозь - адна выгара... Юрка стаяў, і здалося яму, што толькі ўжо й застаецца адно - стаяць тут, стаяць так, бо йсьці ўжо - куды... Вось яно й абарвалася... Няўжо гэта Валік так неспадзявана зрабіў зусім наадварот? Не, ды гэта-ж - не з учарайшага - каля каміноў нарасла ладная ўжо трава, вунь - каноплі хістаюцца навет. Гэта - тады яшчэ, як бушавала навала вайны тут, імкнучы шалёна на ўсход, і зыходзіліся, хапаліся ўзагрудкі дзьве сьценкі поламя - з захаду й з усходу. Ён ня бачыў гэтага йшчэ - вось як яно выглядае... Памалу, маласлухмянымі нек раптам нагамі, сунуўся мёртваю вуліцай Юрка. Тут. Ад «знаёмага дому» - толькі пабяляныя калісьці, цяпер закураныя над дзірамі вокнаў, сьценкі сутарэньня - драўляны верх, дзе жыла яна, пайшоў, значыцца, з дымам... «Пайшоў у расход» і «зялёны сад» - вунь толькі нізка, ля самае зямлі, адпілаваныя пянчукі - відаць, недагарэлыя, абвугленыя яблыны й ігрушы людзі папілавалі сабе на дровы... Юрка падыйшоў бліжэй да рэштак сутарэньня. Ага! Моцна затыхала сэрца. Яна ёсьць, ёсьць! «Эўрыка»! На пабеле - вугальлем, вялікімі, друкаванымі літарамі, крыху ўжо змытымі дажджом, з абцёкамі - напіс: «Галічы й Рынейскія - Падгайная 21-1». І Рынейскія! Так, значыць ёсьць, і жывуць там, на Падгайнай - Юрка добра памятае гэную вуліцу - там-жа жыў хлопец зь іхнае клясы, Юшка Кіпець, на мянушку «Качка», дурнаваты крыху. Значыцца, дзесьці там - а тут пакінулі адрыс, як будзе шукаць хто, і вось яму, Юрку, прыдалося якраз. Гура, віват, - баржджэй туды! Ён імчаў пад нясьціханае ад таго мамэнту тыханьне сэрца, якое цяпер, ад бягні, як ня выскоквала з грудзей. Навет бачыў зусім блага ад поту, што заліваў вочы. Дарогу знаходзіў больш наманы, самі ногі несьлі. Дый бачачы добра, пазнаць усё адразу было-б цяжкавата - гэтак зыначыла тут вайна родны горад. Трапляліся ўжо й сьляды сьвежыя, учарайшыя: вунь, на пагарэлішчы, што яшчэ курыць, поркаюцца ўдваіх стары й старая - шукаюць, мусіць, нешта, чаго не ўхапілі ўчора, пры раптоўнай такой навале, уратаваць. Вось і любая, родная школа - але-ж, Віктар датрымаў абяцанку: руіны... Іх усё-ж вартуе нямецкі жаўнер - Юрка нек інстынктыўна перайшоў на другі бок... Усе гэтыя абразкі, навет руіны любае школы, нек яшчэ не праймалі яго - у ваччу, у сьведамасьці яны проста адзначаліся, толькі канстатаваліся, можа рэгістраваліся. Бо баржджэй трэ было туды, туды! І раптам, ужо зусім недалёка, ён стаў ізноў, як уражаны пяруном: Падгайная - гэта-ж якраз ля могілак. Ну, але, учарайшы ягоны раён. Што, калі? Не, не, не! Юрка паймчаў ізноў подбегам. Перабягаючы праз вуліцу, ледзь ня ўскочыў у сьвежую «лейку» ад бомбы. Мусіць, свая. Ну, гэта добра - сярод дарогі, бязь ніякае шкоды, ён-жа й сыпаў больш так - і там не павінна быць нічога. Падгайная з гэтага канца аказалася даўгою вуліцай з рэдкімі дамамі. Нумары? Але, 21 - будзе пад той канец, далёка. Мамачка, якраз пад могілкі... Юрка зноў спыніўся. Раптам як-бы ня стала зноў сілаў рухацца далей. «Глупства, дурніна», - падбадзёрваў нехта - розум? - Наперад, наперад, нічога няма... Але, нічога й ня было. 21 - аказаўся якраз каля могілак. Захаваліся толькі вароты - зялезная брама з гэтым, і то пакарэжаным, нумарам. Ад самога дому - гэта была двупаверхавая камянічка на панадворку - толькі кучы друзу, рэшткі сьценаў... Але-ж, ягоная собская работа - гэта сюды, сюды садзіў учора, як шалёны, хацеўшы вунь у тую, у царкву... Сам сабе зрабіў... Каля руінаў былі людзі, некаторыя нешта вазёкаліся ў іх і ля іх, падыходзілі яшчэ. Юрка ня важыўся зблізіцца. Пазнаюць яшчэ, што ён... Забойца... Той - раськірэчаны Гадэнка - гэта што, няхай-бы, але тут, тут... Зьняможаны, прыбіты ўшчэнт, ён мэханічна падаўся пад могілкі. Царква стаяла цалюсенькая. Тая царква, у якую гэтак учора цаляў, а пацэліў... Крыж, здавалася, зіхацеў, мяняўся зноў - у праменьні ранішняга сонца яшчэ ўрачысьцей, як учора ў водбліску чорна-крывавых ягоных, Юркавых справаў... Юрка патрос на яго кулаком. Ступіў яшчэ колькі разоў і асеў на нейкую чорную надмагільную пліту, адчуўшы аж праз вопратку ейны каменны холад. X Ізноў час мінуў бязь меры й бяз думак, але й без забыцьця, адно ў ватупелым адранцьвеньні. Юрка ўзьняў галаву толькі мэханічна, як нехта, праходзячы паўз самога яго, аж зачапіў валасы сваёй шастучай вопраткай. Ён зірнуў наўздагон гэнаму шастаньню - нейкая жанчына, уся ў чорным. Ну, і няхай сабе... Што - няхай сабе? Няхай сабе ў чорным. Увесь сьвет-жа яму, Юрку, цяпер у чорным. Завязаны сьвет... Ён цяжка ўзьняўся з магільнае пліты, на якой сядзеў - вельмі скурчыла, седзячы так нямаведама колькі часу, само сабой прасілася выпрастацца. Зірк ягоны ўпаў на напіс на пліце. «Хведар Паляжай». Ха, «Паляжай» - палёг ужо, палёг касьцьмі. Усе паляжам, кажуць людзі. Мо й лепш было-б ужо навет ляжаць гэткім во Паляжаем, чым цяпер вось так... Лепш-бы душою быць на нейкім «тым сьвеце», дзе ўжо яна - спаткацца хоць там, бо гэты сьвет - завязаны сьвет... Ха, ізноў «той сьвет», учарайшае «нешта ёсьць» - сьмех! Паляжай, Паляжаюхна, бедненькі, а мо так толькі, паляжаць прылёг, крышачку? Улюблёная Юркам гульня словаў, нанізваньне іх, выкручваньне з аднаго другога, здавалася, вяртала яго пакрысе да ягонага нармальнага, кпліва-гіранічнага, але й бястурботнага настрою, шточасіны гатовага да востраслоўя, хоць сабе й пустота часам. Ён навет усьміхнуўся сам сабе - як гэта з такога Паляжая розную дурніну можна выкруціць. І тут спасьцераглося, што сонца высака, травеньскае сонца, і хораша так на дварэ, асабліва гэтта, на магільным гайку. Ды разам із тым - ізноў і тут кінулася ў вочы: вывернутая зямля, «лейка»... Ізноў ягоная ўчарайшая работа. Выкапаў ямінку на могілках - магілу? Каму? Мо сабе? Не, гэта-ж ёй, Веры... Але, ці нейкі, часовы мо, паварот у настроі, ці гэтае сонца й травень, кінулі раптам ізноў зыркую яснасьць. Чакай, чаму так канечна мусіла яна загінуць? Магла-ж выскачыць, уратавацца, магла проста ня быць удому... Падумаў-жа ўжо быў там, на Слабодцы, што ўсяму канцы, ажно - гэты адрыс на сьцяне... не, і цяпер яшчэ ня ўсё страчана, ня ўся надзея - і як гэта ён так адразу: згледзеў руіны й рапусьціў нюні, што «сам сабе нарабіў»... Трэба-ж было ўпэўніцца, пераканацца канчальна, і хіба ўжо тады... Надзея, ажыўшы, адразу зьвярнула бадзёрасьць. Юрна засягаў назад, адкуль прыйшоў сюды, да таго № 21. Ён установіць, пераверыцца - пэўна-ж, ёсьць там людзі, поркаюцца яшчэ, трэба толькі распытацца... Але людзей, як на гэта, якраз ужо й ня было. Як падмяло іх. Дый пэўна-ж - нямаведама колькі праседзеў крукам на тэй магіле, на тым Паляжаю - ня век-жа стаяць людзям тым ды чакаць на Юрку. Заставалася яшчэ агледзець руіны бліжэй, як там, на Слабодцы, хоць тут, пэўна, і ня можа быць такое знахадкі... Дом не згарэў, але быў зруйнаваны дашчэнту - сюды ўгрукаў ён, відаць, ці адну выбуховую. Усё ў кучы - друзы, пакручаныя зелязякі ложкаў... Сям-там ужо крыху параскопвана, мо й вылавілі што людзі, сваё ці чужое. Ды не, яшчэ зусім нельга сказаць, што яна загінула, пахаваная тут, у друзах. Толькі як цяпер даведацца? Суседзі? Побач курэла пагарэлішча, і - нікога... Насупраць - таксама сьвежае вялізарнае папялішча і наагул дамоў няма. Хіба там, далей вунь, здаецца, як-бы стаіць яшчэ цэлы дом... Юрка падаўся ўжо ўніз па Падгайнай у тым кірунку. Але тут, з-за наступнае павароткі, за квартал, выйшаў, ідучы на яго, нейкі чалавечак із хлопчыкам за руку. У хлопчыка ў другой руцэ - сьцяжок. Чалавечак у сінім гарнітуры, у сінім-жа капялюшы, дзівацкім нейкім, абведзеным шэрым пакручастым шнурком, зь нейкім выгнутым пяром адзадзя. І хада сьмяхотная, урозваль, як качка. Але, качка - гэта-ж і есьць ён, «Качка» на мянушку - той Юркаў школьны сябрук Юшка Кіпець, ён-жа й раней жыў на гэтай Падгайнай, па той бок могілак. Юрка ўспомніў-жа быў на яго ўжо сяньня, а тады нек забыўся. Ну але, ён, і тая-ж знаёмая хада, і звычай да дзівацкага выгляду - усе заўсёды мелі яго за дурнаватага. Але цяпер Юрка ўзрадаваўся гэтай «Качцы», як нейкаму свайму роднаму, даўно