Мужык і пан Быў сабе адзін пан да такі паганы, злосны, што проста бяда. Ніхто не мог яму ўгадзіць. Усе яго баяліся, бы чорта. Бывала, як прыйдзе к яму хто чаго-кольвек прасіць, а ён раптам як крыкне: - Што скажаш? Той кажа: - Усё добрае, паночку. А сам дрыжыць, бы асіна. - А па добрым што? - закрычыць пан. - На канюшню яго, галгана! От так не дасць і слова прамовіць. Іначай ён і не ўмеў з людзьмі гаварыць. І баяліся ж людзі гаварыць таму пану што-небудзь кепскае, не пад гумар - засячэ, усю шкуру зніме, калі хто не патрапіць сказаць яму так, як ён хоча, а скажа не па шэрсці. Толькі быў адзін нехлямяжы мужычок, дражнілі яго Стопкам: той умеў з тым панам гаварыць. От раз той пан іграў у карты да й выйграў вельмі харошы маёнтак. От гэтак вясною, каля Міколы, паехаў пан аглядаць той маёнтак да й астаўся там на ўсё лета. Бачыш, яму вельмі спадабаўся той маёнтак. Праўду ж кажуць, што новае сітка на калочку вісіць, а старое пад лаваю ляжыць. Бачыць аканом, што доўга няма пана, а тут у двары бяда на бядзе едзе й бядою паганяе, от ён стаў думаць, як бы заведаміць пана. Думаў-думаў да й надумаўся паслаць к пану пасланца. Толькі не ведае, каго паслаць, каб ён добра расказаў пану пра ўсё няшчасце. Каго ні пашле, усе не слухаюць, - баяцца пана, каб за праўду не засек. Абяцаў ён вялікі гасцінец таму, хто пойдзе к пану. Перабраў усё сяло - няма ахвотніка. Не знае аканом, што рабіць, - сядзіць да ломіць рукі. Прачуў пра тое Стопак, пайшоў к аканому і кажа: - Я пайду к пану і ўсё яму скажу: я ўмею, як з ім гаварыць. Рад аканом, чуць не цалуе Стопка. От аканом даў Стопку цэлую жменю грошай, чобаты з сваіх ног і пасылае яго к пану ў новы маёнтак. Ідзе Стопак і ні адной карчмы не мінае. Ці доўга ён ішоў ці мала, толькі вось прыйшоў у новы двор. Падходзіць к пакоям, аж там сустракае яго лёкай. - Ты чаго тут шляешся, валацуга! - крыкнуў лёкай на Стопка й давай яго цкаваць сабакамі. Стопак дастаў з вярэнькі кусок сала й кінуў яго сабакам. Сабакі годзі брахаць. Тым часам Стопак узышоў на ганак. - Што там трэба? - лытае лёкай удругае. - Мне трэба бачыцца з панам, - кажа Стопак. - Прыйшоў я, паночку, з старога панскага двара. - Добра, - кажа лёкай, - я скажу пану аб табе, але скажы ж ты мне, адкуль ты знаеш, што я пан? - Адтуль знаю - бачу. Ты пан - не пан, а так сабе - палупанак, бо ў цябе нос нізкі, лоб слізкі, то і бачно, што лізаў панскія палуміскі. Хацеў тут лёкай ухваціць Стопка за каўтуны да, як кажуць, паслаць яго з валаснога ўпраўлення да ў земскі суд, але тут якраз лёкая пазваў к сабе пан. - Які там хлоп? - пытае лёкая пан. - То пасланы ад пані з панскага маёнтка, - кажа лёкай. - А позваць яго да крадэнсу. Пабег лёкай зваць Стопка к пану. А Стопак тым часам дастаў капшук, напхаў у люльку цюцюну, выняў з магалейкі губку і крамянец, узяў цагало і давай красаць агонь. От выкрасаў ён агню й давай курыць люлечку; курыць сабе да паплёўвае на чысты памост. - Ідзі, цябе пан заве, - кажа лёкай. - Не трасца трасе, няхай абажджэ, - кажа Стопак і пакурвае сваю люлечку. - Прандзэй ідзі! - Зараз, зараз, толькі люльку дакуру. Ждаў, ждаў пан Стопка - не даждаўся. Гоніць удругае лёкая па Стопка. А Стопак агінаецца да шавеліцца, бы мокрае гарыць. От ён дакурыў люльку, выбіў з яе попел і схаваў за пазуху, і толькі тады памаленьку пасунуўся к пану ў крэданс. Лёкай, бы сабака, бяжыць паперадзе да адчыняе дзверы. От улез Стопак к пану ў крэданс да й закашляўся. Рыгае Стопак, а пан чакае да толькі вусы круціць. - Дзень добры, паночку! - А цо повеш? - пытаецца пан. - Усё добрае, паночку. - А па добрым цо? - Да от, паночку, мяне прыслаў аканом... Панскі сцізорык зламаўся. - Які сцізорык? - Да гэта ж, мабыць, той, што пану пер'я рабілі. - Як жа яго зламалі? - Кажуць жа, пане, што без нажэндзя і вошы не заб'еш. Але ўсялякае нажэндзе пры рабоце псуецца. От так і панскі сцізорык. Хацелі пану на боты злупіць з выжла шкуру, узялі сцізорык. Але на панскім выжлу вельмі ж моцная шкура. Сцізорык і зламаўся. - Якего выжла? Цо ты пляцеш, галган! - Панскі выжал: той самы, можа пан памятае, ён яшчэ ўскочыў у калодзеж, а Мікіту паслалі даставаць, да ён і ўтапіўся там. Эгэ ж, той самы выжал, што пан любіў яго браць на паляванне. Э ж, дай, божа, памяць, здаецца мне, што пан аддаў за таго выжла суседняму пану трох мужыкоў. - Цо ж, мой выжэл здэх? - Здох, пане. - З чэго ж он здэх? - Кажуць, паночку, быў здароў, але як каніны аб'еўся, дак разам і ногі выпруціў. - Якей каніны? - Да мяса з жарабца. - Якего жжэбца? - Панскага ж буланага жарабца, з лысінкаю. - Цо ж, і он здэх? - Здох, паночку. А шкада - добры быў жарабец. - Я няшчэнслівы! - Э, пане, чаго вельмі турбавацца? Ужо ж ведама, калі жарабятка ўродзіцца з лысінкаю, то яно ці здохне, ці яго воўк заесць. - З чэго ж жжэбец здэх? - Падарваўся, мабыць. - Цо ж на нім рабілі? Прэнтко ездзілі, чы цо? - Не, пане, на ём не ездзілі: заўжды ён стаяў на стайні. - А цо ж? - Ваду, пане, вазілі. - Але ж на цо была та вода? - Людзі ж кажуць, паночку, што як топішся, то і за брытву хопішся. От як загарэўся ў двары свінух, дык аканом вялеў і на жарабцу воду вазіць. - Цо ж і свінух спалілсе? - Згарэў, паночку. - Як жа он запалілсе? - Бачыш, пане, ён быў блізка каля аборы, от ад яе і загарэўся. - То і абора паліласен? - Гарэла, пане, як свечка. - З чэго ж она запаліласен? - От гэтага, паночку, добра не ведаю, ці ад абозні, ці мо ад пакояў. - Езус Мар'я! То і пакоі спалілысен? - Згарэлі, пане, суздром усё змокла, от як бы хто языком злізаў. - І вшыстэк двор спалілсен? - Увесь, пане: чыста, гладка, хоць рэпу сей. Ухваціўся тут пан за голаву і давай божкаць. - Але з чэго ж запалілісен пакоі? - пытае зноў пан Стопка. - Ад свечак, пане, - кажа Стопак. - Для чэго ж палілы свецы? - Ну, як жа, пане? Ведама, заўсёды свечкі паляць, як хто памрэ. - Кто ж там змарл? - Вечны пакой, каб ёй на тым свеце лёгка ікнулася, - пані памерла. - Цо-цо? Цо ты гадаш? Пані змарла? О, я няшчэнслівы!.. - давай тут пан плакаць, убівацца. - Чаго ж пан плача? Пану ж бог даў і прыбытак. - Які? Гадай прэндзэй! - Пану бог даў унука. Большая панская паненка сына мела. Гожы, кажуць, хлапчук, ці бо паніч, от рыхтык як выліты панскі хурман Мікіта. Пачуўшы тое, пан зваліўся з крэсла, а Стопак пайшоў сабе ў пякарню падвячоркаваць. Дык от які Стопак і як ён умеў з панамі гаварыць. Запісана А.Сержпутоўскім у в. Вялікі Рожын Слуцкага павета ад Рэдкага.